Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі

Амбасадары краін Эўразьвязу ўзгаднілі пяты пакет санкцый супраць Расеі. Пакет уключае ў сябе поўнае эмбарга на імпарт расейскага вугалю.

У рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уезд у ЭЗ.

Забарона на імпарт вугалю ацэньваецца на чатыры мільярды эўра. Па зьвестках францускіх СМІ, імпарт расейскага вугалю складае 45 працэнтаў ад агульнага аб’ёму імпарту вугалю ў Эўразьвязе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Расеі: «З прычыны санкцый краіна апынулася ў самай складанай сытуацыі за апошнія 30 гадоў»

Крыніцы Reuters паведамляюць, што забарона на імпарт вугалю набудзе моц зь сярэдзіны жніўня, на месяц пазьней за плянаваны тэрмін. На неабходнасьці адтэрміноўкі настойвала Нямеччына.

Паводле зьвестак Bloomberg, некаторыя краіны настойвалі на эмбарга для расейскай нафты, але гэты пункт Эўракамісія будзе абмяркоўваць асобна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека

У санкцыйны сьпіс унесена больш за 200 новых прозьвішчаў расейскіх чыноўнікаў, прапагандыстаў і бізнэсмэнаў, якія падтрымліваюць рэжым Уладзіміра Пуціна.

Прычынай паэтапнай адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў сталі забойствы мірных жыхароў у Бучы каля Кіева. ЗША і краіны ЭЗ абвінавачваюць расейскае войска ў неабгрунтаванай жорсткасьці і агрэсіі ў адносінах да ўкраінскіх грамадзян. Масква ўсе абвінавачаньні ў свой адрас катэгарычна абвяргае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза»: новае відэа даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў той час, калі ў горадзе стаялі расейскія войскі