Як краіны Балтыі здолелі адмовіцца ад расейскага газу

Тэрмінал звадкаванага прыроднага газу «Незалежнасьць» у порце Клайпеды, 27 кастрычніка 2014 г.

Балтыйскія дзяржавы за апошняе дзесяцігодзьдзе зрабілі крокі, каб інтэграваць газавыя сыстэмы паміж сабой і з рэштай Эўразьвязу. Тэрмінал звадкаванага прыроднага газу ў Клайпедзе адыграў важную ролю ў тым, каб забясьпечыць Латвіі, Літве і Эстоніі незалежнасьць ад расейскіх паставак.

3 красавіка латвійскі апэратар сховішчаў прыроднага газу паведаміў, што краіны Балтыі больш не імпартуюць расейскі газ. Генэральны дырэктар латвійскай кампаніі «Conexus Baltic Grid» Валдзіс Барыс сказаў, што расейскі газ не паступае ў Латвію, Літву і Эстонію з 1 красавіка. Цяпер краіны Балтыі выкарыстоўваюць сыравіну з запасаў, якія захоўваюцца ў латвійскім падземным сховішчы.

1 красавіка Міністэрства энэргетыкі Літвы паведаміла, што з пачатку месяца літоўская транспартная сыстэма працуе бязь імпарту расейскага газу. Сыравіна дастаўляецца праз тэрмінал звадкаванага газу ў Клайпедзе.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа напісаў у Twitter, што некалькі гадоў таму ягоная краіна прыняла пастановы, якія «бяз болю дазваляюць разарваць энэргетычныя сувязі з агрэсарам. Калі мы змаглі гэта зрабіць, то і астатняя Эўропа зможа гэта зрабіць».

Раней Расея заявіла, што будзе прымаць плату ад эўрапейскіх краін за газ і нафту толькі ў расейскіх рублях, аднак краіны Эўразьвязу адхілілі гэтае патрабаваньне, заявіўшы, што ў кантрактах асобна адзначана, што аплата будзе ў далярах.

Балтыйскі шлях да газавай незалежнасьці

«Ад гэтага часу ніхто ня будзе нам дыктаваць цану на газ — ці купляць нашую палітычную волю», — заявіла прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце ў кастрычніку 2014 году на цырымоніі адкрыцьця тэрміналу звадкаванага прыроднага газу ў порце Клайпеды.

Але пабудова гэтага тэрміналу была толькі адным з крокаў на шляху да меншай залежнасьці ад расейскага газу для краін Балтыі, пісаў Сайман Гэлербаўэр з амэрыканскага Інстытуту дасьледаваньняў замежнай палітыкі. Балтыйскія дзяржавы рабілі крокі, каб інтэграваць газавыя сыстэмы паміж сабой і з рэштай Эўразьвязу.

Што было ў 1990-я і пазьней

Латвія, Літва і Эстонія атрымалі свае газавыя інфраструктуры ў спадчыну ад СССР, таму ўсе яны былі на той час не падлучаныя да рэшты Эўропы і атрымлівалі газ толькі з Расеі. Паколькі яны цалкам залежалі ад расейскіх паставак, ім даводзілася плаціць за газ адны з найвышэйшых цэнаў у Эўропе.

Да таго ж расейскі газавы манапаліст «Газпром» меў значныя долі ў кампаніях, якія займаліся ў дзяржавах Балтыі прыродным газам. «Газпрому» належалі 37% эстонскай Eesti Gaas (яшчэ 10% належалі іншай расейскай кампаніі, «Итера»), 34% латвийскай Latvijas Gāze (яшчэ 16% мела «Итера»), а таксама на 2014 год «Газпром» меў 37% у літоўскай Lietuvos Dujos.

Гэта дазваляла «Газпрому» ўплываць на палітыку і стратэгію разьвіцьця гэтых кампаній. Аднак пасьля 2014 году «Газпром» мусіў прадаць свае долі ў сувязі з правіламі Эўразьвязу, якія прадугледжвалі, што пастаўнікі энэрганосьбітаў ня могуць мець кантролю над сыстэмамі іх транспартаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз стварыў супольны мэханізм для закупкі газу, каб пазбавіцца залежнасьці ад імпарту з Расеі

Тэрмінал звадкаванага газу

Літва, якая спажывае больш газу за Латвію і Эстонію, першай пачала рабіць крокі, каб сысьці ад залежнасьці. У 2014 годзе яна ўзяла ў арэнду ў нарвэскай кампаніі Höegh LNG на 10 гадоў за 430 мільёнаў эўра плывучы газавы тэрмінал і пабудавала для яго інфраструктуру ў порце Клайпеды. Гэты тэрмінал дазваляе Літве імпартаваць звадкаваны прыродны газ.

Паколькі Эўразьвяз быў больш зацікаўлены ў рэгіянальным, а не нацыянальным тэрмінале, ён ня даў праекту фінансавай падтрымкі. Але нават безь яе тэрмінал пачаў працу ў сьнежні 2014 году. Ужо ў 2016 годзе Літва ўпершыню ў гісторыі імпартавала больш газу з Нарвэгіі, чым з Расеі.

Арэнда канчаецца ў 2024 годзе, і Літва будзе вырашаць, ці працягнуць яе, ці выкупіць тэрмінал. Магчыма, гэтым разам Эўразьвяз вырашыць дапамагчы ў фінансаваньні. Тэрмінал робіць магчымым для Літвы экспартаваць газ у іншыя краіны Балтыі, а таксама ў іншыя краіны — у прыватнасьці, ужо былі пастаўкі ў Польшчу і Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША значна павялічаць пастаўкі звадкаванага прыроднага газу ў Эўропу

Падлучэньне да Эўразьвязу

Латвія, Літва і Эстонія працавалі над тым, каб палепшыць злучэньне сваёй інфраструктуры зь іншымі краінамі Эўропы. Эўразьвяз аказаў фінансавую дапамогу двум праектам — 187,5 мільёна эўра газаправоду Balticconnector паміж Эстоніяй і Фінляндыяй, а таксама 266 мільёнаў эўра польска-літоўскаму газаправоду Gas Interconnection Poland Lithuania (GIPL).

Balticconnector пачаў працу ад 1 студзеня 2020 году. GIPL мае быць цалкам уведзены ў эксплюатацыю сёлета ў траўні. Эўразьвяз таксама выдаткаваў 18,7 мільёна эўра на рэканструкцыю газаправодаў паміж Латвіяй і Эстоніяй.

Патрэба балтыйскіх краін у газе адносна невялікая, таму ім лягчэй было пазбавіцца залежнасьці ад расейскага газу, чым некаторым іншым краінам Эўразьвязу. Міністар фінансаў Нямеччыны Крыстыян Лінднэр, якога 3 красавіка цытавала нямецкае выданьне Bild, заявіў, што ён супраць эмбарга на расейскія энэрганосьбіты, бо «гэта можа падарваць устойлівасьць Нямеччыны».