Праваабаронцы: Ад пачатку вайны супраць Украіны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі як найменей 1,5 тысячы чалавек

Антываенная жаночая акцыя. Ілюстрацыйнае фота.

Ад 24 лютага — дня пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны — за ўдзел у антываенных акцыях у Беларусі затрымалі як найменей 1,5 тысячы чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Большасьць зь іх удзельнікаў улады перасьледуюць у адміністрацыйным парадку, але супраць некаторых заводзяць крымінальныя справы, удакладняюць праваабаронцы.

«Беларусаў кідаюць за краты за запуск балёнікаў, адзеньне і сымболіку ў блакітна-жоўтых колерах, за кветкі каля ўкраінскай амбасады і за гукавы сыгнал падчас мітынгу», — зазначаюць яны.

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1,1 тысячы чалавек, пры гэтым за кратамі з іх апынуліся як найменей 630.

Акцыі адбываліся не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Вядома аб пратэстах у 27 гарадах.

Таксама праваабаронцы падсумавалі наяўную інфармацыю аб затрыманьні «рэйкавых партызан», якія спрабуюць перашкодзіць руху цягнікоў з расейскай ваеннай тэхнікай па тэрыторыі Беларусі. Ім вядома аб масавых затрыманьнях з гэтай нагоды ў Баранавічах (Брэсцкая вобласьць) і Стоўбцах (Менская вобласьць).