Ілон Маск мае намер набыць сацыяльную сетку Twitter

Ілон Маск

Амэрыканскі мільярдэр Ілон Маск — найбагацейшы чалавек на Зямлі — мае намер набыць сацыяльную сетку Twitter за 41,4 мільярда даляраў, паведамілі сёньня заходнія СМІ са спасылкай на дакумэнты амэрыканскага рэгулятара SEC.

Зь іх вынікае, што кіраўнік кампаніі Tesla прапануе за кожную акцыю Twitter 54,20 даляра — на 38% больш, чым на момант закрыцьця біржы 1 красавіка. «Гэта мая найлепшая і апошняя прапанова», — сказаў Маск, папярэдзіўшы, што калі гэтая прапанова ня будзе прынятая, то ён «перагледзіць сваю пазыцыю як акцыянэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск анансаваў стварэньне робата-андроіда Tesla Bot

2 красавіка стала вядома, што Маск набыў 9,2% акцый Twitter, стаўшы ў выніку трымальнікам найбуйнейшага пакета. Напярэдадні кошт акцыі сацыяльнай сеткі складаў амаль 46 даляраў. Ілон Маск ужо абвясьціў аб намеры вывесьці Twitter зь біржы пасьля яго набыцьця.

Кіраўнік Tesla заявіў, што ён зацікаўлены ў набыцьці Twitter, бо верыць у патэнцыял гэтай кампаніі як «плятформы для свабоднага выказваньня думак ва ўсім сьвеце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Ілан Маск дапаможа Ўкраіне адсочваць расейскіх вайскоўцаў. ВІДЭА