З Ізюму немагчыма выехаць, мужчын мабілізуюць у расейскія фармаваньні, — мясцовы дэпутат

Расея робіць спробы прымусовай мабілізацыі на акупаваных тэрыторыях.

Расейскія войскі адмаўляюць у арганізацыі эвакуацыйнага калідора з акупаванага Ізюму.

Пра гэта ў эфіры Радыё Данбас. Рэаліі (праект Радыё Свабода) паведаміў дэпутат Ізюмскай гарадзкой рады Максім Стрэльнік.

Арганізавана выехаць з гораду на падкантрольную Украіне тэрыторыю немагчыма.

«Ужо больш за месяц яны адмаўляюць прадастаўляць калідоры, каб прывезьці ежу, ваду, лекі і эвакуаваць хворых, дзяцей. Усе камунікацыі разбураныя: сьвятла, вады, цяпла, газу, мабільнай сувязі няма. Ізюмчанаў выкарыстоўваюць як жывы шчыт. Арганізаванага выезду няма, але людзі імкнуцца рабіць гэта сваім ходам. Таксама нашы валянтэры дапамагаюць, але гэта адзінкавыя выпадкі», — сказаў Стрэльнік.

Таксама Расея робіць спробы прымусовай мабілізацыі мужчын у акупаваным горадзе.

«Расейскія войскі робяць зачысткі ў горадзе, заходзяць у дамы, правяраюць усе дахі, падвалы, і калі знаходзяць мужчын, спрабуюць іх прыцягваць да незаконнай ваеннай дзейнасьці. Спыняюць на блёкпастах, робяць ператрусы і допыты, а таксама мужчын залічваюць у свае фармаваньні», — сказаў ён.

Ізюм, горад у Харкаўскай вобласьці, пад кантролем расейскіх войскаў з пачатку красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: Расейскія войскі пры дапамозе калябарантаў рыхтуюць фальшывы рэфэрэндум на Херсоншчыне