Хроніка перасьледу 25 красавіка: 11 гадоў калёніі ў закрытым судзе; у Бабруйску затрымалі блогера, у Менску — дырэктара Zborka labs

TikTok

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца. Блогеры — адны з тых, каго пачалі перасьледаваць яшчэ да выбараў 2020 году.

Палітвязьню Кудасаву далі 11 гадоў калёніі

25 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе 24-гадовага палітвязьня Аляксея Кудасава асудзілі да 11 гадоў калёніі.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Прысуд вынесла судзьдзя Анастасія Папко.

Кудасава абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня);
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

У чым канкрэтна абвінавацілі Кудасава — невядома, бо працэс праходзіў у закрытым судовым паседжаньні.

Затрымалі TikTok-блогера ў Бабруйску

Зьявілася інфармацыя пра затрыманьне ў Бабруйску вядомага TikTok-блогера «У меня вопрос». Канал з такой назвай ён мае і на YouTube. Папярэдне вядома, што мужчыну забралі проста з працы, піша «Вясна».

Затрыманага завуць Андрэй Бяляўскі. У сваім TikTok ён разважае на грамадзка-палітычныя тэмы і мае 107 тысяч падпісчыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: гітарыста «Голай Манашкі» і «Мутнаевока» асудзілі на 3 гады «хіміі»; у Менску затрымалі актывіста Арсенія Дзядка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі выкладчыка хірургіі Барысаўскага мэдычнага каледжу Алеся Бутэнку

Затрымалі дырэктара Zborka labs

Барыса Маманенку вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасьля сфальшаваных выбараў і перакрыцьці дарог. Яму інкрымінавалі артыкул 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Лябараторыя Zborka працуе з IT-стартапамі.

Не прайшоў атэстацыю абаронца палітвязьняў

21 красавіка адбылася чарговая атэстацыя адвакатаў. Па яе выніках, было прынятае рашэньне аб немагчымасьці выкананьня адвакацкіх прафэсійных абавязкаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі» шасьці адвакатаў. Сярод іх — Ігар Касьцюк.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Касьцюк часта абараняў інтарэсы тых, каго перасьледавалі з палітычных матываў. Напрыклад, ён быў абаронцам палітзьняволенага Паўла Пяскова — першага асуджанага за падзеі, зьвязаныя з пратэстамі ў 2020 годзе. Яго асудзілі да трох гадоў і трох месяцаў калёніі за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрыманьня.