Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у рэанімацыі

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі 87-гадовы Станіслаў Шушкевіч знаходзіцца ў рэанімацыі.

Паводле слоў жонкі Ірыны, Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (так званая «лечкамісія») з прычыны наступстваў каранавірусу.

Месяц таму ён перахварэў на «амікрон», пры тым што апошнія месяцы знаходзіўся ў кватэры і кантакты былі зьведзеныя да мінімуму.

Станіславу Шушкевічу 87 гадоў, ён член-карэспандэнт Акадэміі навук, у 1991–1994 быў старшынём Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне ёсьць аптымізм: мы на парозе пераменаў». Станіслаў Шушкевіч пра добрае ў 2021 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трывожна», але «паніцы не паддаюся», — Шушкевіч, Кустава, Канапацкая і Вольскі пра тое, як на іх жыцьцё ўплывае каранавірус