Эўракамісія пра спыненьне паставак газу ў некаторыя краіны ЭЗ: «Расея — ненадзейны пастаўшчык»

Урзуля фон дэр Ляен

Расея адмовілася пастаўляць газ у Баўгарыю і Польшчу і пагражае гэтым іншым краінам, калі тыя не пачнуць плаціць за пастаўкі ў расейскіх рублях. Аўстрыя, Сэрбія і Вугоршчына пагадзіліся на ўмовы Масквы.

Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен адрэагавала на рашэньне «Газпрому» сарваць пастаўкі газу ў некаторыя краіны Эўразьвязу. Яна лічыць, што заява «Газпрому» аб аднабаковым спыненьні паставак газу спажыўцам у Эўропе — «чарговая спроба Расеі выкарыстаць газ як інструмэнт шантажу».

«Гэта неапраўдана і непрымальна. І гэта яшчэ раз паказвае ненадзейнасьць Расеі як пастаўшчыка газу. Мы гатовыя да такога сцэнару. Мы знаходзімся ў шчыльным кантакце з усімі дзяржавамі-сябрамі. Працуем над тым, каб забясьпечыць альтэрнатыўныя пастаўкі і найлепшы ўзровень захоўваньня па ўсім ЭЗ».

Па словах фон дэр Ляен, дзяржавы ЭЗ распрацавалі пляны надзвычайных дзеяньняў менавіта для такога сцэнару, а цяпер праходзіць пасяджэньне газавай каардынацыйнай групы, плянуецца скаардынаваны адказ Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча заявіла, што больш ня будзе купляць газ у расейскіх кампаній
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Аўстрыі зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што Вена пагадзілася плаціць за расейскі газ у расейскіх рублях