Мэр Львова: расейскі ракетны ўдар пашкодзіў дзьве электрападстанцыі

Дым ад ракетнага абстрэлу Львова 18 красавіка, калі сем чалавек загінулі і 11 атрымалі раненьні

У выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па Львове ўвечары 3 траўня былі пашкоджаныя дзьве электрападстанцыі, у частцы гораду няма сьвятла, паведаміў мэр Андрэй Садавы.

Раней сёньня Садавы паведаміў, што ў горадзе чуваць выбухі, а ў некаторых раёнах Львова адключаецца электрычнасьць.

Кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў пра ракетныя ўдары па Львоўскай вобласьці.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, па Львоўскай вобласьці нанесены ракетныя ўдары», — напісаў ён у сваім Тэлеграм-канале.

У выніку ракетнага ўдару, паводле папярэдняй інфармацыі, паранены адзін чалавек, удакладніў Садавы. Ратавальнікі ліквідуюць пажар на адной з электрападстанцый.

Ён заклікаў людзей заставацца ў сховішчах.

Расея, нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, заяўляе, што не абстрэльвае мірных жыхароў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы штурм «Азоўсталі» ў Марыюпалі, выбухі ў Белгародзкай вобласьці. 69-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны