«Альфа-Банк» папярэдзіў пра магчымае адключэньне яго картак за мяжой

Альфа-банк

Гаворыцца, што гэта можа адбыцца «праз пазыцыю амэрыканскіх банкаў».

У паведамленьні ў тэлеграм-канале банку тлумачыцца, што можа здарыцца:

  • Карты Visa і Mastercard «Альфа-Банку» перастануць працаваць за мяжой: імі нельга будзе расплачвацца ў крамах, а таксама здымаць наяўныя грошы.
  • Стане недаступнай аплата аплікацый, падпісак і ўбудаваных пакупак у замежных сэрвісах, а таксама ў Яндэкс Go/Еда/Плюс.
  • Будуць недаступныя пераводы з карты на карту ў замежнай валюце: нельга будзе атрымаць ці адправіць грошы. Гэта тычыцца пераводаў на карты замежных банкаў, а таксама пераводаў па Беларусі.
  • Не атрымаецца зьняць замежную валюту ў банкаматах і касах беларускіх банкаў.
  • Не атрымаецца плаціць у замежнай валюце на тэрыторыі Беларусі (напрыклад, у Duty Free).

«Калі ў вас узьнікнуць гэтыя складанасьці, мы рэкамэндуем скарыстацца выпускам лічбавай карты ў іншых банках. Нам нявыгадна пісаць пра гэта, але так будзе сумленна», — гаворыцца ў паведамленьні.

Тым часам сёньня таксама стала вядома, што беларускі «Франсабанк» далучыўся да «Альфа-Банку». Адпаведная пастанова Нацбанку набыла моц 4 траўня. Беларускі «Альфа-Банк» стаў правапераемнікам усіх правоў і абавязкаў «Франсабанку». Што чакае ўкладчыкаў «Франсабанку», Нацбанк не ўдакладняе. Цяпер пры спробе адкрыць сайт «Франсабанку» аўтаматычна загружаецца старонка «Альфа-Банку».

Раней «Альфа-Банк» заявіў, што з 6 траўня спыніць міжнародныя пераводы ў далярах. У сваім афіцыйным паведамленьні «Альфа-Банк» выказаў шкадаваньне, што гэта даводзіцца рабіць, бо пад санкцыі банк ня трапіў. Аднак Citibank вырашыў закрыць яго карэспандэнцкі рахунак.

«Мы актыўна шукаем новых партнэраў, вядзём перамовы зь іншымі банкамі і спадзяёмся, што хутка вернемся з добрымі навінамі, аднак аднаўленьне міжнародных рахункаў у далярах ЗША зойме некаторы час. Як і раней, міжнародныя выплаты ў EUR працуюць па ўсіх напрамках. Выплаты і пераводы ў USD у межах Рэспублікі Беларусь, а таксама валютныя карткі працягваюць працаваць у стандартным рэжыме».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія юрыдычныя і фізычныя асобы Беларусі трапяць у шосты пакет санкцый. Інсайд ад карэспандэнта Свабоды ў Брусэлі

На фоне міжнародных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь, якія яшчэ ўзмацніліся пасьля таго, як Лукашэнка падтрымаў напад Расеі на Ўкраіну, шэраг беларускіх банкаў мусіў зьмяніць правілы валютных апэрацый. Зьмены тычыліся камісій за зьняцьце гатоўкі, за безнаяўны разьлік, сутачных лімітаў і іншага.

У сярэдзіне красавіка стала вядома, што трэці па памерах актываў банк Латвіі SEB з 1 чэрвеня спыніць абслугоўваньне плацяжоў у Расею і Беларусь, як і з абедзьвюх гэтых краін, ва ўсіх валютах. Шэраг іншых замежных банкаў таксама ўвялі розныя абмежаваньні і забароны.

У сярэдзіне месяца рашэньнем праўленьня Беларускай валютна-фондавай біржы быў часова прыпынены допуск фізычных асоб да ўдзелу ў валютных таргах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крыху „падарваў“ нас Адэскі порт». Беларускі міністар сельскай гаспадаркі расказаў, як зьмянілася лягістыка паставак у замежжа