У Расеі заблякавалі сайт «The Village Беларусь» за артыкул пра расейскі абстрэл вакзала ў Краматорску

Ахвяры расейскага абстрэлу вакзалу Краматорска, 8 красавіка 2022

The Village Беларусь заблякаваны ў самой Беларусі са жніўня 2020 года.

«Роскомнадзор» заблякаваў на тэрыторыі Расеі сайт «The Village Беларусь» на патрабаваньне Генпракуратуры Расеі. Як піша праваабарончы праект «Роскомсвобода», 15 траўня рэдакцыя атрымала ліст ад «Роскомнадзора»з патрабаваньнем выдаліць артыкул з разборам афіцыйнай расейскай вэрсіі абстрэлу вакзала ў Краматорску. Журналісты адмовіліся выдаляць матэрыял.

Генпракуратура Расеі палічыла, што тэкст зьмяшчае «фэйкі» аб «актах тэрарызму», якія ствараюць пагрозу «жыцьцю і здароўю грамадзян».

Сайт «The Village Беларусь» заблякаваны ў Беларусі са жніўня 2020 году.
Краматорск знаходзіцца на поўначы Данецкай вобласьці, гэта падкантрольная Ўкраіне тэрыторыя. Па дадзеных гарадзкіх уладаў, з 250 тысяч жыхароў у горадзе застаецца прыкладна пятая частка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетны напад на вакзал Краматорску, дзясяткі забітых, якія ехалі ў эвакуацыю. 44-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

8 красавіка ў выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па вакзале Краматорску загінулі 57 чалавек. Расея адмаўляе дачыненьне да ўдару, ускладаючы адказнасьць на Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія СМІ ў Расеі сутыкнуліся з абмежаваньнямі пасьля пачатку вайны з Украінай