«Паставілі на мяжу выжываньня». Былога палітвязьня з анкалягічнай хваробай пазбавілі 2-й групы інваліднасьці

Аляксей Раманаў

Жыхар Гомля Аляксей Раманаў адбыў год пакараньня ў калёніі за «абразу Лукашэнкі». Ён меў другую групу інваліднасьці па анкалёгіі. Падчас зьняволеньня ў яго знайшлі новую пухліну. Цяпер, па вызваленьні, яго пазбавілі 2-й групы інваліднасьці.

«16 траўня была ў мяне плянавая мэдычная рэабілітацыйная экспэртная камісія, МРЭК. І забралі другую групу — далі трэцюю! Я спытаўся ў лекаркі: „У мяне што — селязёнка адрасла, якую выразалі, тры чвэрці падстраўнікавай залозы, частка страўніка і кішэчніку?“ Яна кажа, што не, стан мой — сярэдняй цяжкасьці, але групу забрала. На маё абурэньне адказала, каб скардзіўся ў вышэйшыя інстанцыі», — расказаў былы палітвязень.

Маючы другую групу, ён атрымліваў пэнсію — 278 рублёў.

«І гэтых грошай ні на што, канечне, не хапала. Бо ў сакавіку я на лекі аддаў 150 рублёў. Выжываю дзякуючы жонцы і неабыякавым беларусам», — кажа Аляксей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Віктара Бабарыку 10 дзён трымалі ў штрафным ізалятары; у Беларусі ўжо больш за 1,2 тысячы палітвязьняў

Таксама другая група дазваляла яму мець бясплатны праезд, санаторый — раз на год, і беларускія лекі са зьніжкай 90%.

З трэцяй групай ён будзе мець прыкладна 220 рублёў пэнсіі, 50% зьніжкі на беларускія лекі. «І ўсё на гэтым», — кажа Аляксей.

«Я ўжо трэці раз праходзіў МРЭК. Адна камісія была ў калёніі. І нават там мне пакінулі другую групу і запэўнілі, што ніхто яе не забярэ пры анкалёгіі. Бо што зьмянілася ў мяне ў лепшы бок? Зрок сеў, панкрэатыт хранічны нажыў, пакутую ад болю, за год дзесяць разоў трапляў у шпіталь. На камісіі сёньня заўважыў, што ня толькі ў мяне забралі групу. Такое адчуваньне, што такім чынам «пазбаўляюцца» інвалідаў, якія нібыта «выздаравелі», — разважае былы палітвязень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават калі вы не атрымалі ліст у адказ, цэнзары бачаць, колькі каму пішуць». Як дапамагаць палітзьняволеным у Беларусі і з-за мяжы

Ён кажа, што з такім станам здароўя ня знойдзе працы ў Гомлі. «Бо ніякай працы тут няма. Я працаваў на будоўлі раней. А цяпер у мяне няма сіл і здароўя нешта цягаць, падымаць. Проста паставілі мяне на мяжу выжываньня», — дадаў Аляксей.

Ён напісаў заяву на абскарджаньне рашэньня МРЭК. Але ня верыць, што гэта дасьць плён.

Анкалягічнае захворваньне ў яго выявілі ўвесну 2020 году. Правялі складаную апэрацыю, выдалілі селязёнку, частку страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, бо пухліна дала мэтастазы.