Чэхія і Польшча накіроўваюць арміі Ўкраіны дадатковую дапамогу

Польская самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab (зьлева)

Чэхія і Польшча накіроўваюць дадатковыя ўзбраеньні Ўкраіне, улады якой спрабуюць стрымаць расейскі наступ на ўсходзе

Міністарка абароны Чэхіі Яна Чэрнахава паведаміла 29 траўня, што Прага мае намер неўзабаве паставіць Кіеву ўзбраеньні на суму 26-30 мільёнаў даляраў. «Вельмі важна, каб дапамога паступала няспынна», — сказала міністарка, дадаўшы, што з пачатку вайны Чэхія накіравала Ўкраіне вайсковага рыштунку на суму больш за 150 мільёнаў долараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: Адміністрацыя Байдэна ўхваліла пастаўкі ва Ўкраіну ракетных сыстэм залпавага агню

Чэскія СМІ перадаюць, што ў ліку далейшых паставак будуць танкі Т-72, баявыя машыны пяхоты БМП-1, самаходныя гарматы-гаўбіцы і, магчыма, баявыя верталёты савецкай вытворчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Танкі, верталёты, ракеты Harpoon. Міністар абароны ЗША падвёў вынікі дапамогі Ўкраіне ад антыпуціскай кааліцыі

Польшча перадае Ўкраіне 18 браняваных самаходных артылерыйскіх установак Krab калібру 155 мм, паведаміла ў нядзелю Польскае радыё, спаслаўшыся на свае крыніцы ў Міністэрстве абароны. Гэтыя ўстаноўкі польскай вытворчасьці могуць рабіць да шасьці стрэлаў за хвіліну на адлегласьць да 40 кілямэтраў. Адзначаецца, што Варшава навучыла працы на іх каля ста ўкраінскіх артылерыстаў.