Дэмантаваныя ў розных гарадах Літвы савецкія помнікі перададуць у Груцкі парк

У Груцкім парку

Такую рэкамэндацыю муніцыпалітэтам перадаў Дэпартамэнт культурнай спадчыны Літвы, паведамляе літоўскае Міністэрства культуры.

Дэпартамэнт прапануе, каб муніцыпалітэты яшчэ да дэмантажу помнікаў высьветлілі, хто іх зможа прыняць або пераняць, якія музэі або іншыя культурныя прасторы. Калі муніцыпалітэт ня мае такой магчымасьці, то помнікі рэкамэндуюць перадаць у адмысловы парк у вёсцы Груты пад Друскенікамі.

Некаторыя муніцыпалітэты зрабілі гэта з уласнай ініцыятывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гранітныя сымбалі чужой імпэрыі. Чаму Латвія наважылася на дэмантаж савецкага помніка ў Рызе

Прадстаўнік Аранскага (Varėna) муніцыпалітэту Саўлюс Карацеюс сказаў у сераду, што скульптуру чырвонаармейца зь Мерачы (Merkinė) адразу ж павезьлі ў Груцкі парк.

«Ён ня быў у нас зарэгістраваны — ні як помнік, ні як уласнасьць муніцыпалітэту, мы проста зьнялі яго і адразу павезьлі ў Груцкі парк. Яны ўдзельнічалі ў працэсе дэмантажу, падчас работ помнік крыху пашкодзілі, але нам сказалі: мы бяром, калі вы прывезяце. У той самы дзень мы і адвезьлі», — сказаў Карацеюс.

Паводле яго, кіраўніцтва Груцкага парку сказала, што з задавальненьнем прыме і іншыя скульптуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Розны лёс савецкіх помнікаў

Груцкі парк — экспазыцыя скульптур савецкага часу — быў адкрыты ў 2001 годзе. Ён разьмешчаны недалёка ад Друскенікаў.

У рэкамэндацыі дэпартамэнту сказана і аб тым, хто павінен вырашаць пытаньне аховы такіх скульптур. Калі помнікі зьяўляюцца аб’ектамі мясцовага значэньня, то пытаньне аховы вырашае муніцыпалітэт (спэцыяльная ацэначная рада, калі яе няма, то паводле парад Дэпартамэнту культурнай спадчыны).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 найбольш відовішчных зносаў Леніна (ВІДЭА)

«Калі ацэначная рада не выяўляе наяўнасьць каштоўных аб’ектаў, то яны ня лічацца ахоўнымі. Далейшы іх лёс вырашае муніцыпалітэт», — сказана ў рэкамэндацыях.

У дэпартамэнт зьвярнуліся 25 муніцыпалітэтаў з просьбай аб ацэнцы юрыдычнага стану 65 помнікаў савецкага пэрыяду, каб іх можна было дэмантаваць.

Савецкія помнікі ўжо дэмантавалі ў Коўне, Аранскім раёне, Кейданах, Паланзе, Марыямпалі, Расіёнах і іншых месцах.