Ва Ўкраіне апублікавалі відэа зь месца авіяўдару, у выніку якога загінулі беларускія дальнабойшчыкі

Авіяўдар па Корасьцені, 10 сакавіка 2022

Пра гэта паведамляе партал «Зеркало»​ са спасылкай на ўкраінскае выданьне Times.zt.

Днямі Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў КДБ за «таемную спэцапэрацыю» па вывазе дальнабойшчыкаў, якія затрымаліся ва Ўкраіне. На беларускім тэлебачаньні паказалі дакумэнтальны фільм «Дарогі дадому», прысьвечаны гэтай «спэцапэрацыі».

І Лукашэнка, і аўтары фільму згадалі двух беларускіх дальнабойшчыкаў, якія загінулі ў сакавіку сёлета ва ўкраінскім горадзе Корасьцень. Лукашэнка заявіў, што яны былі «нахабна забітыя ўкраінцамі». Стваральнікі фільму пайшлі яшчэ далей — і выказалі здагадку, што беларускія дальнабойшчыкі зазналі катаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка схлусіў, што дваіх беларускіх дальнабойшчыкаў нібыта «забілі ўкраінцы». Кіроўцы загінулі ад расейскай атакі зь Беларусі

Украінскае выданьне Times.zt расказала сваю вэрсію падзей.

Выданьне сьцьвярджае, што расейскія самалёты, якія бамбавалі Корасьцень, узьляталі зь беларускага аэрадрому — меркавана ў Баранавічах.

«Украінскай паліцыі ўдалося дакладна вызначыць адзін з самалётаў — Су-25СМ, прыпісаны да 18-га палку штурмавой авіяцыі ў Прыморскім краі. Пілёт сваю задачу выканаў, але ў Баранавічы так і не вярнуўся. Самалёт быў зьбіты ўкраінскімі вайскоўцамі. Пілёт — як мяркуецца, палкоўнік Аляксандар Зарыпаў, — загінуў. Яго парэшткі ўперамешку з рэшткамі самалёта былі раскіданыя па полі недалёка ад Корасьценя. Адна з бомбаў, скінутых з самалёта, трапіла на тэрыторыю былога парцалянавага заводу, дзе цяпер знаходзіўся офіс кампаніі UPG, нафтабаза і СТА з паркоўкай для грузавога транспарту», — пішуць журналісты.

Там жа знаходзіліся і прыпаркаваныя беларусамі фуры. Падчас авіяўдару загінулі тры чалавекі — двое зь іх аказаліся беларускімі дальнабойшчыкамі.

На відэа, якія апублікавалі ўкраінскія СМІ, — здымкі камэраў назіраньня на тэрыторыі СТА пасьля авіяўдару, а таксама відэазапіс з камэры мабільнага тэлефона невядомага, які аглядае цела беларуса.

«Згарэлы кіроўца, беларус. Відаць, як дагарае цела», — камэнтуе голас за кадрам.

На відэа ўкраінскіх СМІ таксама агляд украінскімі экспэртамі рэшткаў зьбітага расейскага бамбавіка — журналісты ўпэўненыя, што менавіта ён наносіў удары па прамзоне ў Корасьцені.

Здымкі прамзоны адразу пасьля авіяўдару можна вэрыфікаваць па здымках Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, зробленых раніцай 10 сакавіка. На іх можна ўбачыць той самы грузавік і цела загінулага.