Байдэн абвінаваціў Пуціна ў рэкорднай за 40 гадоў інфляцыі ў ЗША

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Рэкордны скачок цэнаў у ЗША на газ, энэрганосьбіты і прадукты харчаваньня — гэта вынік палітыкі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які пачаў вайну ва Ўкраіне. Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, чый зварот да грамадзян апублікаваны на сайце Белага дома.

«Цэны на бэнзін вырасьлі на 2 даляры за галон (4,55 літра — рэд.) пасьля таго, як расейскія войскі сталі пагражаць Украіне», — адзначыў Байдэн.

Амэрыканскі прэзыдэнт запатрабаваў, каб Кангрэс прыняў меры па змаганьні з інфляцыяй. У прыватнасьці — паўплываў на кошт дастаўкі тавараў, якая прыкметна адбіваецца на іх выніковай цане; і дапамог амэрыканскім сем’ям аплачваць рахункі за электраэнэргію і лекі, якія адпускаюцца па рэцэпце лекара. Акрамя таго Байдэн заклікаў правесьці падатковую рэформу: «прымусіць найбагацейшых амэрыканцаў і буйныя карпарацыі плаціць сваю справядлівую долю».

Паводле слоў прэзыдэнта, зараз ЗША знаходзяцца на шляху да таго, каб здабываць рэкордную колькасьць нафты ў наступным годзе. Магчыма, гэта паўплывае на кошт паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі ацанілі страты ад санкцый за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну

9 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ў краінах Захаду ягоным імем сталі называць інфляцыю.

«Спрабуюць, умоўна, абмежаваць вываз нашага ўгнаеньня. Цэны папаўзьлі. У іх, перш за ўсё, больш, чым у нас. Спрабуюць абмежаваць нашы энэрганосьбіты. Зноў кошты ўзьляцелі да нябёсаў. Там ужо маім імем называюць інфляцыю, а мы тут зусім ні пры чым», — заявіў Пуцін.

Інфляцыя ў ЗША ў траўні 2022 году ў гадавым выражэньні склала 8,6%, што стала максымальным значэньнем са сьнежня 1981 году. Рост коштаў за месяц склаў 1%, што значна перавысіла прагнозы аналітыкаў, якія чакалі, што ён не перавысіць 0,7%. Асноўным фактарам, якія ўплываюць на агульны ўзровень інфляцыі, зьяўляюцца цэны на энэрганосьбіты — за год яны падаражэлі на 50,3%, за апошні месяц — на 4,5%. Цэны на прадукты харчаваньня за месяц і год вырасьлі на 1,2% і 10,1% адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША зафіксавалі найвышэйшы рост інфляцыі за 40 гадоў