Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Магілёўская вобласьць

Руіны касьцёла ў вёсцы Княжыцы Магілёўскай вобласьці

Мы запыталіся ў чытачоў Свабоды ў сацыяльных сетках пра нечаканыя месцы, якія варта наведаць у Беларусі, і сабралі адказы ў гайд. Сёньняшняя публікацыя — пра Магілёўскую вобласьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Берасьцейская вобласьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Віцебская вобласьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Гомельская вобласьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Горадзенская вобласьць

1. Фашчаўскі ёлупень

Вёска Фашчаўка, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласьць

Гэта помнік у выглядзе калёны з фігурай сьвятога Сымпліцыяна наверсе. Яго называюць таксама «калёна сьвятога Сымпліцыяна», «фашчаўскі ёлуп» або «шклоўскі ёлупень».

Паводле адной з вэрсій, помнік паставілі каталіцкія манахі на месцы пахаваньня часьцінак Сьвятога Крыжа Гасподняга і парэшткаў сьвятога пакутніка Сымпліцыяна. Сьвятыні спачатку захоўваліся ў касьцёле, а пасьля паўстаньня 1830-1831 гадоў вернікі перанесьлі іх на могілкі і пабудавалі калёну.

Паводле іншай вэрсіі, у вёску прыйшлі езуіты на чале з рыцарам Сымпліцыянам, каб навярнуць вяскоўцаў у каталіцтва. Народ паўстаў, рыцар загінуў. У ягоны гонар і ўзьвялі калёну з драўляным воінам наверсе.

Гэты помнік згадвае ў рамане «Чорны замак Альшанскі» Ўладзімер Караткевіч і называе яго «ёлуп хвашчоўскі».

2. Дрыбінскае шапавальства

Горад Дрыбін, Магілёўская вобласьць

Шапавальства — гэта мастацтва вырабу з воўны валёнак, шапак і лямцу. Яно найбольш было распаўсюджана ў ваколіцах Дрыбіна. Працэс вытворчасьці аднавілі ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музэі.

Раней з авечае воўны валілі валёнкі, рукавіцы, шапкі-магеркі, брылі, коўдры. Гэты промысел зьявіўся ў XVI стагодзьдзі. Майстры хадзілі па хатах са сваім прыладамі і рабілі рэчы на заказ.

Шапавалы карысталіся сваёй таямнічай мовай, якую назвалі «катрушніцкі лемязень» або «катрушніцкі лямез». Так яны ахоўвалі сакрэт свайго майстэрства. Лексыкон гэтага слэнгу налічваў каля 915 словаў. Цяпер яго выдалі ў выглядзе «Слоўніка шапавалаў». Паглядзець слоўнік можна таксама ў дрыбінскім музэі.

«Нават на чарку не хапае». Як жыве Дрыбін – райцэнтар, які вырас удвая

3. Буйніцкі зьвярынец

Вёска Буйнічы, Магілёўскі раён, Магілёўская вобласьць

Гэта заасад пад адкрытым небам, які месьціцца на плошчы ў 124 гектары. Вёска знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад Магілёва. Вакол зьвярынца ёсьць маршрут і аглядныя пляцоўкі, зь якіх можна назіраць за зьвярамі. Тут можна ўбачыць зуброў, аленяў, дзікоў, ласёў, казуляў, ваўкоў, лісіц, усурыйскага тыгра, высакароднага аленя, рысь, авечак, трусоў, качак, глушцоў, соваў, фазанаў, каршуноў.

Побач з заасадам ёсьць «Этнаграфічная беларуская вёска». Гэта навабуд, музэй, дзе зрабілі дом каваля і дом ганчара, каб паказаць побыт беларусаў у пачатку ХХ стагодзьдзя.

«Буйніцкае поле»

Вёска Буйнічы, Магілёўскі раён, Магілёўская вобласьць

Адразу каля вёскі Буйнічы можна наведаць мэмарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Ён знаходзіцца на месцы баёў з нацыстамі ў 1941 годзе. Там можна ўбачыць вайсковую тэхніку часоў Другой усясьветнай вайны.

На гэтым полі, паводле тастамэнту, разьвеялі прах савецкага пісьменьніка і журналіста Канстанціна Сіманава, які ваяваў там у 1941 годзе.

4. Пустынскі манастыр

Вёска Пустынкі, Амсьціслаўскі раён, Магілёўская вобласьць

Гэта праваслаўны мужчынскі манастыр, які месьціцца на самай мяжы з Расеяй. Яму больш за 600 гадоў. Яго заснаваў амсьціслаўскі князь Сямён Альгердавіч у 1380 годзе. Паводле легенды, так ён падзякаваў за цудоўнае аднаўленьне ягонага зроку, калі памыў твар у крыніцы.

У 1605 годзе манастыр стаў уніяцкім. У пачатку XIX стагодзьдзя на месцы драўляных пабудоваў зьявіўся мураваны Ўсьпенскі сабор. У 1925 годзе савецкія ўлады выселілі манахаў, а ў манастыры зрабілі дом для дзяцей-сірот.

На пачатак XXI стагодзьдзя манастыр быў амаль цалкам разбураны. Цяпер яго аднавілі, ён дзейнічае як праваслаўны.

Ваду з крыніцы каля манастыра лічаць цудатворнай.

Усьпенскі храм. Урочышча Пустынкі на Мсьціслаўшчыне. Выява Хрыста, адкрытая падчас рэстаўрацыі аднаго з будынкаў манастырскага комплексу ў 2003 годзе, лічыцца нерукатворнай.

Усьпенскі храм. Урочышча Пустынкі на Мсьціслаўшчыне

За 12 кілямэтраў ад Пустынак стаіць адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў — Амсьціслаў. Заедзьце туды, узыдзіце на Замкавую гару, наведайце езуіцкі і кармэліцкі касьцёлы, гісторыка-археалягічны музэй, уявіце, як на дзядзінцы жылі князі, а вакол гары былі равы. Раней у горадзе праводзілі традыцыйны Рыцарскі фэст.

Дарэчы, у Амсьціславе знайшлі берасьцяную грамату III стагодзьдзя.

Амсьціслаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чужыя сьвятыні». Як старадаўнія каталіцкія і ўніяцкія храмы марнеюць бязь вернікаў і ўвагі дзяржавы. ФОТА

5. Радзіма Алеся Адамовіча

Вёска Глуша, Бабруйскі раён, Магілёўская вобласьць

Алесь Адамовіч — беларускі пісьменьнік, навуковец, настаўнік Сьвятланы Алексіевіч.

Ён нарадзіўся ў Глушы ў 1926 годзе і жыў там да вайны. Дом Адамовічаў месьціцца на скрыжаваньні Кастрычніцкай вуліцы і вуліцы Адамовіча. Ягоны бацька Міхаіл заснаваў у Глушы шпіталь і яго ўзначальваў, маці кіравала мясцовай аптэкай. Некалі ў аптэцы плянавалі адкрыць музэй Адамовіча.

Алесь Адамовіч падчас вайны пайшоў у партызаны. Пасьля вайны адвучыўся на філялягічным факультэце БДУ, потым там жа выкладаў. Пазьней працаваў у Акадэміі навук, выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, быў дырэктарам Усесаюзнага навуковага Інстытута кінематаграфіі ў Маскве.

«Прыпынак Адамовіча»

Дом Адамовічаў у Глушы

Адзін з самых вядомых твораў Алеся Адамовіча — дакумэнтальная кніга «Я з вогненнай вёскі», якая складаецца з аповедаў ацалелых жыхароў спаленых падчас вайны вёсак. Гэты жанр рэальных чалавечых маналёгаў ягоная пасьлядоўніца нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перанесла ў свае кнігі.

У 2018 годзе, дзякуючы грамадзкім актывістам, у Глушы зьявіўся «Прыпынак Адамовіча» — на аўтобусным прыпынку намалявалі партрэт пісьменьніка, напісалі ягоныя словы. У 2019 годзе ў вёсцы адкрылі помнік-бюст Алесю Адамовічу аўтарства Гэніка Лойкі.

Пахаваны Алесь Адамовіч на мясцовых могілках.

Помнік-бюст Алесю Адамовічу ў Глушы аўтарства Гэніка Лойкі

Пахаваньне Алеся Адамовіча на могілках у Глушы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На малой радзіме Алеся Адамовіча за народныя грошы паставілі першы ў Беларусі помнік клясыку

6. Крэйдавыя кар’еры

Горад Крычаў, Магілёўская вобласьць

Вёска Лазовіца, Клімавіцкі раён, Магілёўская вобласьць

Дзьве лякацыі «Беларускіх Мальдываў» ёсьць і на Магілёўшчыне. Яны ўтварыліся ў катлаванах пасьля здабычы крэйды. Сваю народную назву яны атрымалі за бірузовы колер вады.

Купацца ў гэтых штучных вадаёмах забаронена — берагі ў іх абрывістыя і нетрывалыя, могуць рэзка абсыпацца, калі падысьці да краю. Штогод там тонуць людзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купацца сьмяротна небясьпечна. «Любанскія Мальдывы» так і не дачакаліся інвэстара. ФОТА

7. Сядзіба Булгакаў у Жылічах

Пасёлак Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласьць

Гэта цэлы палацава-паркавы комплекс у клясычным стылі. Яго пачалі будаваць у 1825 годзе на загад бабруйскага маршалка Ігната Булгака. У палацы ёсьць францускія матывы, якія нібыта гаспадар падгледзеў падчас вайны з Напалеонам, калі дайшоў да Парыжа.

У палацы знаходзілася капліца і аранжарэя. Столь і сьцены ўпрыгожвала ляпніна і карціны з Эрмітажа.

Палац у Жылічах

Аздабленьне палаца ў Жылічах, 2011 год

Пасьля 1917 году Булгакі зьехалі ў Польшчу, а ўлады адкрылі ў палацы дзіцячы дом. Потым там жа месьціўся зоалягічны тэхнікум. Падчас вайны тут зрабілі вайсковы нямецкі шпіталь, памерлых салдатаў хавалі проста ў двары палаца. Пасьля вайны сюды вярнуўся аграрны тэхнікум, потым тут адкрылі музэй і дзіцячую школу мастацтваў.

Цяпер комплекс аднаўляюць за дзяржаўныя сродкі.

Інтэр'ер палаца ў Жылічах, 2011 год

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. 7 раскошных палацаў у маляўнічым асяродзьдзі

8. Руіны касьцёла ў вёсцы Княжыцы

Магілёўскі раён, Магілёўская вобласьць

Вёска Княжыцы знаходзіцца за 15 кілямэтраў ад Магілёва. Барочны касьцёл добра відаць з трасы.

Драўляны касьцёл сьвятога Мікалая на гэтым месцы пабудавалі ў 1681 годзе. Потым каля яго ўзьнік дамініканскі манастыр. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя пабудавалі мураваны храм. Ён за сваю гісторыю быў каталіцкім, уніяцкім, праваслаўным і зноў каталіцкім.

У 1964 годзе касьцёл закрылі з прычыны аварыйнага стану: знаходзіцца ўнутры небясьпечна. Былі спробы яго аднавіць, але ён працягвае разбурацца. Аднак і ў такім стане гэтая манумэнтальная сьвятыня вартая, каб на яе паглядзець.

Касьцёл у вёсцы Княжыцы

Касьцёл у Княжыцах

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 вандровак да тых, хто чакае вашай дапамогі

9. Батанічны сад у Горках

Горацкі раён, Магілёўская вобласьць

Самы стары батанічны сад краіны створаны пры некалі славутай Горы-Горацкай земляробчай школе, а цяпер сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

Яго стварылі яшчэ ў 1840 годзе як навукова-дасьледчую лябараторыю для студэнтаў. Дэндрарый спраектаваў італьянскі архітэктар Анжэла Кампіёні.

Цяпер тут расьце каля 1,5 тысячы дэкаратыўных расьлін: дрэваў, кустарнікаў, кветак, кактусаў, трапічных расьлін. Па садзе водзяць экскурсіі. Сюды прыходзяць рабіць фатасэсіі. Можна прыйсьці на шпацыр і паслухаць птушак.

У батанічным садзе знаходзіцца таксама магіла студэнта земляробчага інстытуту Войцеха Дамарацкага, які загінуў у сутычцы з расейскімі войскамі на баку паўстанцаў Кастуся Каліноўскага 24 красавіка 1863 году.

Горкі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спачатку быў інстытут, а потым – горад». Рэпартаж з самага студэнцкага горада Беларусі

10. Быхаўскі замак

Быхаўскі раён, Магілёўская вобласьць

Вядомы як замак Хадкевічаў і Сапегаў. Гэта абарончае збудаваньне на беразе Дняпра. Яго пабудавалі ў XIV-XV стагодзьдзях у выглядзе чатырохвугольніка. У замку працавала людвісарня, дзе выраблялі гарматы, ядры, кулі, гранаты. Быхаўская зброя карысталася попытам і за межамі цяперашняй тэрыторыі Беларусі.

Замак перажыў шмат аблогаў і штурмаў. У 1657 годзе падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай Быхаў пасьля 18-месячнай аблогі захапілі маскоўскія войскі разам з украінскімі казакамі. Празь некалькі гадоў яны самі апынуліся ў аблозе і здаліся войску Рэчы Паспалітай.

Быхаўскі замак

Быхаўскі замак, 2016 год

Быхаўскі замак, 2016 год

Быхаўскі замак пачалі аднаўляць за дзяржаўныя сродкі, але грошай хапіла толькі на кансэрвацыю і рэканструкцыю дзьвюх вежаў. Археалягічныя раскопкі на тэрыторыі замка вялі пад кіраўніцтвам дэпутата Ігара Марзалюка.

Таксама ў Быхаве варта паглядзець на рэшткі сынагогі пачатку XVII стагодзьдзя. Некалькі гадоў таму на быхаўскіх могілках паставілі памятныя знакі ахвярам Галакосту.

Сынагога ў Быхаве

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Быхаве на сродкі брытанскага фонду ўвекавечылі памяць ахвяраў Галакосту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 замкаў і палацаў, у якіх жывуць беларускія прывіды