Хроніка перасьледу 12 ліпеня: 7 гадоў калёніі за «наезд на сілавіка», 3 гады — за падпал рэлейнай шафы

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 11 ліпеня вынесьлі прысуд Паўлу Лінкевічу. Яго абвінавацілі ў наўмысным прычыненьні цяжкага цялеснага пашкоджаньня супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вёў судзьдзя Мікалай Кміта.

Па матэрыялах сьледзтва, у жніўні 2020 года ў Баранавічах 35-гадовы мужчына, седзячы за рулём бездарожніка, зьдзейсьніў наезд на супрацоўніка органаў унутраных спраў, які ахоўваў грамадзкі парадак. У выніку сілавіку былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджаньні, зь якімі яго шпіталізавалі.

Супрацоўнікі ДАІ перасьледавалі абвінавачанага, аднак кіроўца пакінуў свой аўтамабіль паблізу вёскі Антанова, а сам схаваўся.

Паўла абвясьцілі ў вышук і пасьля вяртаньня з Польшчы 5 траўня 2022 году ў Баранавічы яго затрымалі і зьмясьцілі пад варту.

Судовы працэс пачаўся 7 ліпеня. Пракурор запрасіў для Лінкевіча пазбаўленьня волі тэрмінам на 7 гадоў і 10 000 рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі пацярпеламу міліцыянту.

Акрамя таго, у суд накіравалі пазоў аб прызнаньні аўтамабіля Лінкевіча сродкам зьдзяйсьненьня злачынства, каб потым прымяніць да яго спэцыяльную канфіскацыю. Аўтамабіль пры гэтым стаіць на расейскім уліку.

У выніку судзьдзя пагадзіўся з пракурорам і пакараў Паўла Лінкевіча 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 ліпеня: 4.5 года калёніі за абразы Лукашэнкі, юрыстку судзяць за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій

Жыхару Полацкага раёна прысудзілі 3 гады калёніі за падпал рэлейнай шафы

40-гадовага жыхара Полацкага раёну асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму ў справе аб наўмысным прывядзеньні ў непрыдатнасьць шляхоў зносін, паведамляе пракуратура Віцебскай вобласьці.

Беларуская чыгунка таксама спагнала з асуджанага 5,7 тысячы рублёў кампэнсацыі за шкоду.

Паведамляецца, што мужчына пашкодзіў замок рэлейнай шафы на чыгунцы каля вёскі Шлюбаўшчына Полацкага раёну і падпаліў яе. Гэта прывяло да падачы лжывага сыгналу аб занятасьці двух блёк-участкаў перагону і прычыніла шкоду Беларускай чыгунцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Вінаградава этапавалі ў ваўкавыскую калёнію, Дзядка — у горадзенскую турму

Жыхара Жабінкі пакаралі 2 гадамі калёніі за «няправільныя» партрэты Лукашэнкі

Суд Жабінкаўскага раёну разглядзеў крымінальную справу Аляксандра Жэдзіка, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Жэдзік «разьмясьціў у грамадзкіх месцах у Жабінцы партрэты кіраўніка дзяржавы, папярэдне зьдзейсьніўшы ў дачыненьні да іх дзеяньні абразьлівага характару, тым самым прынізіў гонар і годнасьць Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Судзьдзя Людміла Рубашэўская прысудзіла абвінавачанаму два гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку. Гундар, якога на судовы працэс прывялі ў адных майтках, ужо 12 дзён не прымае ежу

Бухгалтара за камэнтары асудзілі да 4,5 гадоў калёніі па 7 крымінальных артыкулах

Суд Ленінскага раёна Горадні пакараў 4,5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму 33-гадовага бухгалтара Аляксандра Францкевіча. Мясцовага жыхара абвінавацілі паводле 7 артыкулаў КК РБ за «абразы прадстаўнікоў улады, Лукашэнкі, судзьдзяў, пагрозы сілавікам» і іншыя эпізоды.

Сьледчы камітэт называе яго актыўным удзельнікам дэструктыўных тэлеграм-каналаў і прадстаўніком «канапных войскаў».

Пацярпелымі па справе выступілі 26 чалавек, паведамляюць праваабаронцы. Працэс вёў судзьдзя Руслан Гурын.

Францкевіч да суду ўтрымліваўся пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 ліпеня: у Івацэвічах затрымалі журналіста Дайліда; актывісту Булаўскаму прысудзілі 30 дзён арышту

Прысуд палітзьняволенай Зінаідзе Міхнюк пакінулі бязь зьменаў

Абласны суд Берасьця 12 ліпеня таксама пастанавіў накіраваць палітзьняволеную Зінаіду Міхнюк на 2 гады ў калёнію за «абразу Лукашэнкі», паведамляе «Вясна | Брэст». Тройка судзьдзяў (сярод іх Вера Філонік) пакінулі прысуд палітзьняволенай бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня.

18 траўня наўпрост у берасьцейскім СІЗА асудзілі Зінаіду Міхнюк, актывістку незалежнага прафсаюзу РЭП. На суд пускалі толькі непасрэдных удзельнікаў працэсу, публіку на паседжаньне не пусьцілі. Падрабязнасьці суду не вядомыя, але вядомы прысуд: судзьдзя Грушко па ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу прысудзіў 61-гадовай жанчыне 2 гады калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 траўня: Зінаіду Міхнюк з прафсаюзу РЭП асудзілі на 2 гады калёніі, затрыманьні ў Менску і Новалукомлі