Турэччына: атрымалася дасягнуць дамовы пра экспарт украінскага збожжа

Жніво на Харкаўшчыне. Ілюстрацыйнае фота

Турэччына заяўляе, што з Расеяй дасягнулі дамоўленасьці, якая дае магчымасьць Украіне аднавіць экспарт збожжа праз Чорнае мора.

Як паведамляе ВВС, у пятніцу ў Стамбуле дамоўленасьць павінны падпісаць Украіна, Расея, Турэччына і Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.

Сусьветны недахоп збожжа пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага паставіў мільёны людзей пад пагрозу голаду.

Уварваньне прывяло да рэзкага росту цэнаў на прадукты харчаваньня, таму ўгода аб разблякаваньні ўкраінскіх партоў мае вырашальнае значэньне. На гэты момант каля 20 мільёнаў тонаў збожжа затрымаліся ў элеватарах у Адэсе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 702 мільёны чалавек у сьвеце галадаюць. ЗША: адказнасьць за крызіс у галіне харчовай бясьпекі нясе Расея

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вітаў угоду, заключаную пры пасярэдніцтве ААН, але заявіў, што засяродзіў увагу на тым, каб прыцягнуць Расею да адказнасьці за яе выкананьне.

Паводле дыпляматаў, дамоўленасьць прадугледжвае наступнае:

  • Украінскія ваенна-марскія сілы будуць суправаджаць караблі са збожжам праз замінаваныя воды;
  • Расея згаджаецца на замірэньне, пакуль адбываецца транспартаваньне збожжа;
  • Турэччына пры падтрымцы ААН інспэктуе караблі, каб зьняць засьцярогі Расеі наконт кантрабанды зброі.

Угода таксама прадугледжвае спрашчэньне расейскага экспарту збожжа і ўгнаеньняў праз Чорнае мора.

ААН і Турэччына працавалі на працягу двух месяцаў, каб пасярэднічаць у пагадненьні аб збожжы на фоне глябальнай пагрозы сусьветнага харчовага крызісу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы паляць збожжавыя палеткі на акупаваных украінскіх тэрыторыях і ў зоне баёў   
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Расея і Турэччына дамовіліся стварыць супольны цэнтар бясьпечнай навігацыі ў Чорным моры, каб вывезьці збожжа