Бацька асуджанай Соф’і Сапегі выплаціў кампэнсацыю, што робіць магчымым памілаваньне ці экстрадыцыі ў Расею

Соф'я Сапега ў гарадзенскім судзе, травень 2022

Бацька асуджанай у Беларусі расейскай грамадзянкі Софʼі Сапегі аплаціў прысуджаную ёй кампэнсацыю, якая перашкаджала яе магчымай экстрадыцыі ў Расею ці прэзыдэнцкаму памілаваньню. Сума штрафу — 167 500 рублёў.

Раней Андрэй Сапега, які пражывае ва Ўладзівастоку, зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай памілаваць яго дачку. З такой просьбай зьвярталася таксама і сама Софʼя Сапега.

Лукашэнка заяўляў журналістам, што Сапегу магчыма перадаць Расеі і што яму яе «шкада».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу свабодна дыхаць». Соф’я Сапега папрасіла Лукашэнку аб памілаваньні

Софʼю затрымалі 23 траўня 2021 году разам з журналістам Раманам Пратасевічам — дзеля гэтага прымусова пасадзілі ў Менску самалёт авіякампаніі Ryanair.

6 траўня Горадзенскі абласны суд пакараў дзяўчыну 6 гадамі калёніі. Яе абвінавацілі паводле 7 крымінальных артыкулаў, а таксама прысудзілі кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 167 500 рублёў (каля 70 тысяч даляраў). Менавіта нявыплачаная частка названай у прысудзе сумы заставалася фармальнай перашкодай для памілавання Соф’і.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры мільярды эўра і забарона транзыту для «Белкалію». Колькі каштаваў Беларусі Пратасевіч