Украіна запатрабавала ад ААН праінспэктаваць абстраляную калёнію на акупаванай Расеяй тэрыторыі

Унутры калёніі ў Аленаўцы

Служба бясьпекі Ўкраіны, міністэрства абароны краіны, вайсковая разьведка і ўпаўнаважаны Вярхоўнай рады ў правах чалавека зьвярнуліся да ААН з патрабаваньнем правесьці інспэкцыю калёніі ў Аленаўцы ў Данецкай вобласьці, у якой загінулі прынамсі 53 украінскія вайскоўцы, якія ўтрымліваліся ў палоне.

Расея і прарасейскія сэпаратысты ў Данецку заяўляюць, што ўдар па калёніі быў нанесены ўкраінскім войскам. Масква называе тое, што здарылася, ваенным злачынствам, учыненым Украінай. Кіеў гэта адмаўляе і заяўляе, што атаку ўчыніла Расея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Данбасе заявілі пра гібель 53 украінскіх палонных ад артылерыйскага ўдару. У Кіеве гэта назвалі «чарговай Катыньню» з боку Расеі

У сумеснай заяве, апублікаванай у Тэлеграм-канале СБУ, выбух у калёніі названы «тэрарыстычным актам» і «масавым забойствам», учыненым Расеяй. Заяўляецца, што ўкраінскае войска наносіць удары толькі па вайсковых аб’ектах. Аўтары звароту запатрабавалі ад ААН і міжнароднага Чырвонага крыжу адрэагаваць на тое, што здарылася, і адправіць у калёнію інспэкцыйную місію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў заклікаў сьвет прызнаць Расею дзяржавай-тэрарысткай пасьля масавага забойства палонных украінцаў