«Схуднеў, ходзіць дрэнна, бо падагра адолела». Жонка палітвязьня Аляксандра Фядуты расказала пра першы дзень суду

Аляксандар Фядута, архіўнае фота

Жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты Марына Шыбко падзялілася ў Фэйсбуку ўражаньнямі ад першага дня суду над мужам па справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка, фігуранты справы — Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, суд праходзіць у адкрытым рэжыме.

Як распавяла ў Фэйсбуку жонка Фядуты, у 11.00 29 ліпеня ўсім сваякам і іншым асобам забаранілі ўваход у будынак, запрасілі толькі дзяржаўную прэсу і тэлебачаньне, «было шмат ахоўнікаў будынку суда».

«Калі запэўнілі, што суд закрыты, і пра гэта было абвешчана загадзя, людзі пачалі разьяжджацца (народу было мала), а сваякі некаторых увогуле не прыехалі (суд жа закрыты), тут нечаканасьць здарылася, суд абвясьцілі адкрытым… ну, людзі зьехалі. У выніку нікога ў залі, акрамя прэсы...», — расказвае жонка Марына Шыбко пра першы дзень суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць Зянковіча, Кастусёва, Фядуту і іншых фігурантаў справы «аб змове з мэтай захопу ўлады». Працэс зрабілі адкрытым

Таксама яна распавяла, як пасьля доўгага часу ўбачыла мужа.

«Я ўбачыла АІФа (так блізкія называюць Аляксандра Іосіфавіча Фядуту – рэд.).... схуднеў, дрэнна ходзіць, бо падагра адолела, дазволілі перадаць палку для хады ў СІЗА, пры ўсьмешцы ў АІФа не назіраецца зубоў 5-6 (Юры Дзетачкін з кіно) і пастрыжаны адпаведна, кораценька, кругі пад вачыма. Да уж, турма не ўпрыгожвае», — распавяла яна.

Паводле Марыны Шыбко, падчас судовага паседжаньня 29 ліпеня зачыталі абвінавачаньні Зянковічу і Фядуце, у панядзелак 1 жніўня будуць зачытваць абвінавачаньні астатнім фігурантам справы.

«Нельга было махаць, падыходзіць і размаўляць з абвінавачанымі. Я адправіла паветраныя пацалункі, усім памахала і павітала нашых. На заўвагу мне я адказала, што больш сваволіць ня буду і паводзіла сябе добра. Мы моўчкі размаўлялі з Сашай, я чытала яму свае вершы і казала, што люблю, люблю, люблю. Ён адказваў узаемнасьцю і прасіў у мяне прабачэньня. Думаю, што мы зразумелі адзін аднаго», — напісала Марына Шыбко.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Фядута напісаў першы з часоў школы верш па-беларуску

Абвінавачаных па справе справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў. Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.

Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)

  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.