Літоўскі вайсковы экспэрт: Новы этап міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗ чакаецца восеньню

26 лістапада 2021 году. Аляксандар Лукашэнка выступае перад мігрантамі ля памежнага пункту Брузгі. Ілюстрацыйнае фота.

Новы этап міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗ чакаецца восенню 2022 году. Такі прагноз у камэнтары BPN агучыў афіцэр запасу літоўскіх сіл спэцыяльнага прызначэньня Аўрымас Навіс.

Вайсковы экспэрт назваў крызіс «комплекснай апэрацыяй».

«Цяпер перасекчы мяжу спрабуюць выхадцы з Афрыкі і Азіі, якія, верагодна, пражывалі ў Расеі ці Беларусі. Але гэта ня тая хваля, якая прагназуецца на працягу найбліжэйшых месяцаў», — заўважыў ён.

На думку Навіса, «гібрыдная атака» закране, як летась, «у першую чаргу Літву, Польшчу і Латвію», а Беларусі «падрыхтавана роля пляцдарма для перавалкі мігрантаў, якіх выкарыстоўваюць як зброю».

«Цяпер успрымаць Беларусь як незалежную краіну, на жаль, не выпадае, — канстатаваў экспэрт. — Відавочна, што загады Менску паступаюць з Масквы, у тым ліку па арганізацыі канала нелегальнай міграцыі».

Асноўная хваля мігрантаў, якія будуць рабіць масаваныя спробы нелегальна перасекчы беларускую мяжу з Эўразьвязам, на яго думку, чакаецца позьняй восеньню — праз тэрыторыю Расеі.

Гэта будзе «гібрыдная вайна Расеі супраць Захаду», мяркуе Навіс, а «атака мігрантамі стане яе часткай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцдакладчык ААН пра мігрантаў у лягістычным цэнтры ў Брузгах: «Яны дэ-факта ўтрымліваліся пад вартай»

«Крэмль паспрабуе выкарыстаць харчовы крызіс, інсьпіраваны ім жа (маецца на ўвазе блякаваньне паставак збожжа з Украіны. — BPN), для стварэньня напружанасьці ў краінах ЭЗ. Па меры набліжэньня голаду, бліжэй да зімы, гэта дазволіць накіраваць бежанцаў з Блізкага Ўсходу і іншых рэгіёнаў у Эўропу», — заявіў афіцэр запасу літоўскага спэцназу.

Як заўважыў экспэрт, выкарыстаньне мігрантаў можа стаць толькі часткай пляна, які, верагодна, будзе зьмяшчаць і поўнае спыненьне паставак газу ў краіны ЭЗ або адключэньне краін Балтыі ад сыстэмы БРЭЛЛ (сынхронны рэжым працы энэргетычных сыстэм Беларусі, Расеі, Літвы, Латвіі і Эстоніі — BPN).

Навіс упэўнены, што на дадзены момант урад Літвы недаацэньвае пагрозу зь мігрантамі: «У мяне з гэтай нагоды ўзьнікае адчуваньне дэжавю. За некалькі месяцаў да пачатку вайны ва Ўкраіне ў нас разважалі, колькі можа прыбыць бежанцаў у выпадку расейскай агрэсіі. Называлася лічба ў 4−5 тысяч чалавек. Я выказаў здагадку, што ня менш за 100 тысяч, і гэта пацьвердзілася. Толькі па афіцыйных дадзеных, у Літву прыбыло 77 тысяч украінцаў, але рэальная лічба істотна вышэйшая».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі другі дзень запар разьвярнулі на мяжы зь Беларусьсю роўна 109 нелегалаў

Пры гэтым ён ня лічыць інфраструктурныя рашэньні, у прыватнасьці, агароджу на польска-беларускай мяжы, вялікай перашкодай: «Мігрантаў утрымлівае ня плот, а людзі, якія абараняюць яго».

Летась у Літву трапілі 4 тысячы нелегальных мігрантаў, але калі іх будзе ў дзесяць разоў больш, заўважыў Навіс, гэта можа стаць сур’ёзным выклікам для краіны: «У нас няма столькі памежнікаў і сябраў Саюзу стралкоў (добраахвотніцкая ваенізаваная арганізацыя. — BPN), каб спыніць такую плынь людзей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лесьвіцы, падкопы, па рэках: мігранты працягваюць спробы трапіць у Польшчу зь Беларусі. З пачатку году — больш за 6 тысяч спробаў

Пры вялікім наплыве мігрантаў гэта стане праблемай ня толькі для Польшчы і краін Балтыі, але і для іншых членаў ЭЗ, якія ўжо сутыкнуліся з эканамічнымі цяжкасьцямі з прычыны вайны ва Ўкраіне, лічыць экспэрт:

«Некаторы час падрыхтавацца да міграцыйнага нападу будзе, бо перамяшчэньне вялікай колькасьці людзей ня пройдзе незаўважаным для выведкі. Тэхнічныя магчымасьці дазволяць зафіксаваць пагрозьлівыя сыгналы да таго, як мігранты трапяць у Беларусь».

Асноўным матывам меркаваных «дзеяньняў Расеі» Навіс назваў помсту за прынцыповую пазыцыю Літвы і Польшчы:

«Яшчэ нядаўна востра стаяла пытаньне аб транзыце ў Калінінградзкую вобласьць. Не лічу супадзеньнем шэраг кібэратак на сайты ўраду Літвы, якія адбыліся ў гэты ж час».

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.