У Літве затрымалі партыю кантрабандных цыгарэтаў на 1,86 млн эўра, кіроўцу грузавіка, грамадзяніна Беларусі, арыштавалі

Літоўскія мытнікі знайшлі ў грузавіку, якім кіраваў грамадзянін Беларусі, кантрабандны груз цыгарэтаў на суму 1,86 млн эўра, паведамляе Delfi з спасылкай на мытны дэпартамэнт краіны.

Паводле літоўскай мытні, грузавік DAF прыбыў у памежны пункт пропуску Райгорад (зь беларускага боку — Прывалка) увечары 30 ліпеня.

Кіроўца заявіў, што перавозіць 14,4 тоны вэрмікуліту (мінэрал. — BPN) з Казахстану ў Нямеччыну.

Аднак пры праверцы грузу рэнтгенам знойдзена паўмільёна пачкаў цыгарэтаў беларускай вытворчасьці, схаваных пад мяшкамі, удакладнілі ў мытным дэпартамэнце.

Рашэньнем суду грамадзянін Беларусі, які кіраваў грузавіком, арыштаваны на два месяцы. Па факце кантрабанды распачата дасудовае расьсьледаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць валізаў з кантрабандай: у Віленскім аэрапорце затрымалі грамадзяніна Беларусі

Як паведамлялі, кантроль за аўтамабілямі, якія часта перасякаюць літоўска-беларускую мяжу, быў больш жорсткі.

  • Паводле літоўскай мытні, за студзень–красавік літоўска-беларускую мяжу перасекла ў чатыры разы больш легкавых аўтамабіляў (звыш 124 тысяч), чым за той жа пэрыяд мінулага году.
  • Першапачаткова ўлады Беларусі абвясьцілі пра бязьвізавы ўезд для жыхароў Літвы і Латвіі з 15 красавіка па 15 траўня — у сувязі з рэлігійнымі сьвятамі. Пазьней бязьвіз падоўжылі да канца году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ўзмацняе кантроль за перасячэньнем мяжы з боку Беларусі. У чым прычына
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве за кантрабанду цыгарэт будуць судзіць літоўскіх мытнікаў і грамадзян Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі спынілі кантрабанду беларускіх цыгарэт. Гэтым разам везьлі пад выглядам «дзьвярэй»