Жыхары Гомельшчыны паведамілі пра начныя выбухі ў раёне аэрадрому «Зябраўка». У Міністэрстве абароны Беларусі пацьвердзілі здарэньне

Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022». 10 лютага 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Ноччу 10 жніўня тэлеграм-каналы «Беларускі Гаюн» і «Флагшток» з спасылкай на відавочцаў паведамілі пра выбухі і сполахі ў раёне вайсковага аэрадрому «Зябраўка»» каля Гомля. Пра «магутныя ўдары» гамельчукі расказалі і выданьню Zerkalo. 11 жніўня ў Міністэрстве абароны Беларусі пацьвердзілі факт.

«Інфармацыю пра сполахі пацьвярджаюць адразу некалькі крыніц. Па розных зьвестках, пачынаючы з 00.30 было ня менш за 8 выбліскаў», — напісаў а 23.42 10 жніўня тэлеграм-канал «Беларускі гаюн».

Гомельскі тэлеграм-канал «Флагшток» таксама ў ноч з 10 на 11 жніўня паведаміў, што ў кірунку аэрадрому «Зябраўка» «з 00.25 па 00.32 былі чутныя выбухі, адчувалася ўдарная хваля, пару разоў праз суцэльную воблачнасьць былі бачныя «сьветлавыя пробліскі».

Чытачы Zerkalo.io. паведамілі выданьню, што каля 00.30 у Гомлі чулі пяць магутных удараў, адчувалася ўдарная хваля. Таксама на «Гарачую лінію» выданьня напісала гамяльчанка, якая сьцьвярджала, што жыве ў цэнтры. Паводле яе, «выбліскаў, выбухаў і хваляў» ноччу ў Гомлі «ня чулі і ня бачылі».

Не было вядома, ці сполахі ў «Зябраўцы» зьвязаныя з вучэньнямі, якія паводле інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі мелі праходзіць з 9 па 11 жніўня з выкарыстаньнем вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, авіяцыйных вайсковых частак, войскаў супрацьпаветранай абароны і радыётэхнічных войскаў.

Аднак раніцай 11 жніўня ў ведамстве пацьвердзілі факт здарэньня.

«У сувязі са зваротамі ў Міністэрства абароны пра сполахі на ўчастку мясцовасьці Зябраўка Гомельскай вобласьці, паведамляем, што 10 жніўня каля 23 гадзін падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося яе загараньне. Асабовым складам своечасова прынятыя меры для тушэньня. Пацярпелых няма», — паведамляе ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начныя выбухі на Берасьцейшчыне. Што вядома на гэты момант

Што вядома пра аэрадром «Зябраўка»?

Пра выкарыстаньне расейскімі войскамі вайсковага аэрадрому «Зябраўка» пад Гомлем стала вядома ў першыя дні вайны. Адтуль рэгулярна выляталі самалёты і гелікоптэры, запускалі ракеты па Ўкраіне.

Расейскія вайскоўцы засталіся на тэрыторыі «Зябраўкі» і пасьля адыходу расейцаў з поўначы Ўкраіны і часткова з тэрыторыі Беларусі на пачатку красавіка.

Ад «Зябраўкі» да тэрыторыі Ўкраіны, якую цяпер цалкам кантралюе ўрад у Кіеве, каля 50 кілямэтраў.

Гэтага больш чым дастаткова для ракетных удараў як старой савецкай зброяй кшталту комплексаў «Точка-У», так і новымі заходнімі сыстэмамі залпавага агню накшталт амэрыканскай HIMARS.

«Зябраўка» даволі блізка ад Гомля, густанаселены Навабеліцкі раён абласнога цэнтру ўсяго за дзесяць кілямэтраў ад вайсковага аэрадрому.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве абароны Беларусі расказалі, чаму падтрымалі Расею ў вайне з Украінай