У Генштабе Ўкраіны адкінулі датычнасьць украінскіх войскаў да выбухаў на аэрадроме ў Гомельскай вобласьці і ў Крыме

Аляксей Громаў

Намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што больш за 13 тысяч беларусаў падпісалі кантракты з Узброенымі сіламі Расеі і заявілі аб жаданьні ўдзельнічаць у вайне з Украінай.

«Расея працягвае ўцягваць Беларусь у поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Паводле папярэдніх зьвестак, каля 13 тысяч асобаў зь ліку дзейных і колішніх вайскоўцаў падразьдзяленьняў беларускіх сіл спэцыяльных апэрацый, а таксама АМАПу падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны», — заявіў Аляксей Громаў 11 жніўня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, асноўны матыў такога жаданьня далучыцца да вайны — матэрыяльна-фінансавы.

«Ніякага ідэалягічнага складніка ў дзеяньнях акупацыйных войскаў няма. Ніхто ня верыць ні ў якую дэнацыфікацыю ці абарону расейскамоўных. Страх і грошы — асноўныя чыньнікі расейскай вайсковай прысутнасьці», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Гомельшчыны паведамілі пра начныя выбухі ў раёне аэрадрому «Зябраўка». У Міністэрстве абароны Беларусі пацьвердзілі здарэньне

Аляксей Громаў зьняпраўдзіў датычнасьць украінскіх войскаў да выбухаў на аэрадроме «Зябраўка» у Гомельскай вобласьці і ў Крыме.

«Вядома, што кожны вайсковец Узброеных сіл Украіны, кожнае падразьдзяленьне, хацелі б атрымаць „зорачку“ сабе... Але на цяпер мы маем толькі тыя факты, якія камэнтуюць адпаведна Міністэрства абароны Беларусі і Міністэрства абароны Расеі», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады анэксаванага Крыму пацьвердзілі сэрыю выбухаў на паўвостраве. Ёсьць загінулы і параненыя

Аляксей Громаў таксама адзначыў, што Беларусь запрашае на свае палігоны прадстаўнікоў замежных краін. Паводле яго, 3 жніўня ў Мачулішчы прыбылі першыя замежныя каманды з Расеі, Віетнаму, Узбэкістану, Камэруну, Лаосу, Таджыкістану, Кіргізстану, Сырыі і Малі, а 8 жніўня — каманда Разанскай вышэйшай паветрана-дэсантнай каманднай вучэльні.

Паводле яго, Беларусь такім чынам спрабуе стварыць бачнасьць актыўнай міжнароднай вайсковай супрацы. У прыватнасьці, сказаў Громаў, гаворка ідзе аб армейскіх міжнародных гульнях з удзелам прадстаўнікоў 37 краін, якія плянуецца правесьці з 13 да 21 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічы на спаборніцтвы прыляцелі спэцназаўцы з Расеі, Вэнэсуэлы, Ірану і Судану

Аляксей Громаў не выключае, што правядзеньне гэтых гульняў наўмысна арганізавана напярэдадні Дня Незалежнасьці Ўкраіны на тэрыторыі Беларусі, «улада якой стала абвінавачвае Ўкраіну і Захад у спробах паўплываць на яе палітычны лад».

«Паводле некаторых ацэнак, ня выключана правядзеньне ў гэты час дывэрсій з наўмыснымі ахвярамі сярод іншаземцаў з наступнай дэманізацыяй Украіны, абвінавачаньнямі ва ўсіх грахах і стварэньні чарговай нагоды для адкрытага ўцягваньня беларускага народу ў крывавыя пляны Пуціна», — адзначыў намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прачнуліся ад выбухаў і сполахаў, думалі – вайна». Што вядома пра здарэньне на вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы пад Гомлем