Хроніка перасьледу 16 жніўня: каб затрымаць удзельніцу пратэстаў 2020 году, сілавікі выбілі акно ў кватэры

Затрыманьне жыхаркі Менску Алены Малькевіч

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў не спыняюцца.

Сілавікі затрымалі сужэнцаў Марыю і Мікалая Касьценак. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

Марыя і Мікалай Касьценкі

Марыя — настаўніца геаграфіі ў школе № 38 Менску, Мікалай — намесьнік начальніка аддзелу кіраваньні карпаратыўнымі інтэрнэт-рэсурсамі Беларускай чыгункі.

Згодна з інфармацыяй сілавікоў, муж і жонка ўдзельнічалі ў жнівеньскіх акцыях пратэсту і нібыта перакрывалі рух транспарту.

З гэтай жа прычыны затрымалі Сьвятлану Саковіч, якая працавала ў ліцейным цэху МТЗ, але была звольнена, а таксама менчукоў Ігара Назаранку і Алену Малькевіч.

Сьвятлана Саковіч

Відэа зь імі зьявіліся ў праўладных тэлеграм-каналах, паведаміла «Вясна».

Ігар Назаранка

Падчас затрыманьня Алены Малькевіч сілавікі на тросах спусьцілася з даху шматпавярховага дома і забраліся ў дом жанчыны праз акно, а відэа са штурмам кватэры падпісалі так: «У сувязі з тым, што ў Алены любімым фільмам зьяўляецца „Чалавек-павук“, супрацоўнікі вырашылі „парадаваць“ актыўную ўдзельніцу масавых беспарадкаў».

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі сілавікі робяць «спэцапэрацыю» для затрыманьня людзей. У ліпені такім чынам трапілі ў кватэру прафсаюзнай дзяячкі Зінаіды Міхнюк у Берасьці. Прычым, як вядома з папярэдніх выпадкаў, сілавікі часам не спрабуюць грукацца ў дзьверы, а пранікаюць праз вокны адразу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 жніўня: віцебскага палітвязьня асудзілі на 4 гады калёніі паводле чатырох артыкулаў

Палітвязьня Алега Яфрэменку асудзілі на яшчэ адзін год зьняволеньня за «непадпарадкаваньне» адміністрацыі турмы

У судзе Ленінскага раёну Магілёва 15 жніўня вынесьлі прысуд палітвязьню Алегу Яфрэменку, якога абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).

Судзьдзя Вікторыя Палякова прысудзіла Алегу ў дадатак да 4,5 года калёніі яшчэ год у зьняволеньні.

Раней палітвязьню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасьні 2021 году з калёніі, дзе Алег адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Праваабаронцы таксама паведамляюць, што адміністрацыя магілёўскай турмы рэгулярна зьмяшчала палітвязьня ў ШЫЗА.

32 тысяч рублёў штрафу і 4 гады «хатняй хіміі» жыхару Ваўкавыска за абразу Лукашэнкі, яго прэс-сакратаркі і генпракурора Беларусі

Суд Ваўкавыскага раёна вынес прысуд 40-гадоваму мясцоваму жыхару Сяргею Бакачу, абвінавачанаму ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады ( арт. 369 КК). Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка, піша «Вясна».

Як устаноўлена падчас судовага сьледзтва, абвінавачаны разьмяшчаў абразьлівыя камэнтары пад публікацыямі ў «дэструктыўных Telegram-каналах» пра Аляксандра Лукашэнку, Андрэя Шведа і Натальлю Эйсмант.

Паводле пазову Генпракурора на разьліковы рахунак ДУА «Цэнтар карэкцыйна — разьвіваючага навучаньня і рэабілітацыі Першамайскага раёну Менску» да судовага разбору абвінавачаны пералічыў 10 тысяч рублёў у якасьці матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды. Таксама дзеля «залагоджваньня шкоды» ён добраахвотна пералічыў установе адукацыі 10 тысяч рублёў.

Жыхарку Мазыра асудзілі за відэа расейскіх верталётаў

У Гомельскім абласным судзе завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да палітзьняволенай жыхаркі Мазыра Ганны Пышнік (Чымпаеш) . Яе абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці па ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу.

Ганна мае непаўнагадовую дачку. Жанчыну затрымалі 22 сакавіка нібыта за перадачу відэа з перасоўваньнем вайсковай тэхнікі (верталётаў) у адзін з тэлеграм-каналаў. Да суда Ганну ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары № 3 у Гомлі.

Сёньня быў вынесены прысуд: Ганну Пышнік прызналі вінаватай і прызначылі ёй пакараньне ў выглядзе трох гадоў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі пяты раз запар. Ён правядзе ў няволі 75 дзён

Учора пасьля 60 дзён за кратамі на волю ня выйшаў наваполацкі актывіст Андрэй Галавырын — на яго склалі новы пратакол. Сёньня над ім адбыўся чарговы суд. Судзьдзя Зінаіда Балаболава пакарала яго 15-дзённым арыштам, паведамляе «Вясна».

Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і зьмясьцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасьля гэтага над ім прайшлі чатыры суды за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП) і кожны раз судзьдзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 дзён. Агулам Андрэя будуць утрымліваць за кратамі сама меней 75 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць пракурора, які раней абвінавачваў у палітычна матываваных справах

За фота з аднаго Маршу ў сацсетках — па тры гады «хатняй хіміі»

У судзе Маскоўскага раёну Менску 11 жніўня да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі Ангеліну Грышчанка і Яўгенію Крук. За фота ў сацсетках з адной акцыі пратэсту ў 2020 годзе іх абвінавалі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Справу супраць жанчын разглядаў судзьдзя Сяргей Кацэр, паведамляе«Вясна».

У Горадні затрымалі незалежнага назіральніка на выбарах-2020 Андрэя Навасельчана

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, у 2020 годзе яго затрымлівалі за абразу супрацоўнікаў міліцыі, аднак потым вызвалілі. Зараз 37-гадовы мужчына затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «абразу супрацоўнікаў міліцыі» і рэгістрацыю ў чат-боце «Плян Перамога», паведамляе «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За падсечку міліцыянту віцябляніну далі 4,5 года калёніі