Служба аховы дзяржмяжы Літвы: Беларускія памежнікі суправаджаюць нелегальных мігрантаў да месцаў, дзе яшчэ няма плота

26 лістапада 2021 году. Аляксандар Лукашэнка выступае перад нелегальнымі мігрантамі ў лягістычным цэнтры ля памежнага пераходу Брузгі.

Беларускія памежнікі працягваюць актыўна ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі ў Літву, гаворыцца ў распаўсюджаным 18 жніўня прэс-рэлізе Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

«Дастаўляюць іншаземцаў да дзяржаўнай мяжы, праводзяць іх да месцаў, дзе няма плота або ён ня будзе ўзводзіцца з прычыны прыродных умоў, дапамагаюць у пашкоджаньні плота, каб прайсьці ў Літву», — зазначае літоўскае ведамства.

Яно сьцьвярджае, што пра гэта расказваюць самі мігранты.

«Відавочна, што без дапамогі беларусаў мігранты не маглі даведацца, што тут яшчэ ідуць работы па абсталяваньні плота і перасякаць мяжу ў гэтым канкрэтным месцы пакуль лягчэй, чым там, дзе работы завершаныя. Такая інфармацыя ёсьць у афіцыйных асоб Беларусі, якія назіраюць за работамі па ўзьвядзеньні плота і накіроўваюць замежнікаў для нелегальнага перасячэньня мяжы», — падкрэсьліваецца ў рэлізе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да канца году Літва адгародзіцца плотам ад Беларусі па ўсёй мяжы

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі вайсковы экспэрт: Новы этап міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗ чакаецца восеньню