Агурбаш выступіла на канцэрце, дзе ганаровым госьцем была маці «Героя Расеі», які ваяваў ва Ўкраіне

Анжаліка Агурбаш падчас пікету ў Маскве

Беларуская сьпявачка Анжаліка Агурбаш, якая шмат гадоў жыве ў Маскве і мае расейскае грамадзянства, выступіла ў мясцовасьці Агінскае (Забайкальскі край) на канцэрце з нагоды 85-годзьдзя савецкага сьпевака Іосіфа Кабзона, які быў дэпутатам Дзярждумы ад гэтага рэгіёну Расеі.

Як адзначае сайт sibreal.org, ганаровым госьцем канцэрту была маці «Героя Расеі» Балдана Цыдыпава Сажыдма. Цыдыпаў — удзельнік вайны ва Ўкраіне, якому ў чэрвені прысвоілі званьне «Герой Расеі». Ён быў моцна паранены ва Ўкраіне, страціў нагу, перанёс 14 апэрацый. У родным мястэчку яму пры жыцьці зьбіраюцца ўсталяваць бюст. Дагэтуль Балдан Цыдыпаў знаходзіцца ў шпіталі.

Бігборд у Агінскім

Агурбаш выступіла там разам з расейскімі выканаўцамі Пятром Дрангам, Аляксеем Глызіным, гуртом «Республика» і іншымі. Таксама на канцэрце ў Агінскім выступіла ўкраінская сьпявачка Таісія Павалій, якая пасьля пачатку вайны не паяўлялася ва Ўкраіне, ані разу публічна не выказалася пра напад Расеі і выступае на патрыятрычных расейскіх імпрэзах. Упершыню пра вайну ва Ўкраіне яна ўскосна згадала на «Славянскім базары» ў Віцебску, згадаўшы пра «складаныя часы».

Заслужаная артыстка Беларусі прыняла такім чынам удзел у культурным маратоне, прысьвечаным юбілею Кабзона. Заключнае мерапрыемства прайшло ў Чыце, дзе Агурбаш выступіла на сцэне ў Дзень дзяржаўнага сьцяга Расеі.

«У нас сёньня завяршальны канцэрт гастрольнага тура нашага, фэстывалю юбілейнага, прысьвечаны памяці нашага любімага, дарагога Іосіфа Давыдавіча Кабзона. І мы шчасьлівыя. Мы шчасьлівыя, што маглі дакрануцца да яго творчасьці, да яго жыцьця яшчэ раз. Я знаёмая з Іосіфам Давыдавічам больш за трыццаць гадоў, і для мяне гэта вялікі гонар і вялікая радасьць — прымаць удзел у такіх канцэртах». — цытуе словы Агурбаш мясцовае выданьне 3РТК.

Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі Анжаліка Агурбаш прымала ўдзел у пікеце каля Пасольства Беларусі ў Маскве. Яна асудзіла насільле сілавікоў над удзельнікамі пратэстаў і заявіла, што Аляксандар Лукашэнка прайграў прэзыдэнцкія выбары. У Беларусі супраць Агурбаш завялі крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія войскі пайшлі ў наступ у Херсонскай вобласьці. Расейскія салдаты сьцьвярджаюць, што не змаглі ўтрымаць пазыцый