У Расеі прызналі «замежнымі агентамі» музыку Андрэя Макарэвіча, украінскага журналіста Дзьмітрыя Гардона і яшчэ дзесяць чалавек

Андрэй Макарэвіч

Міністэрства юстыцыі РФ унесла ў сьпіс СМІ-«замежных агентаў» 6 чалавек і адну юрыдычную асобу, у рэестар фізычных асобаў-«замежных агентаў» — яшчэ 6 чалавек.

У сьпісе СМІ-«замежных агентаў» былы тэлевядучы Міхаіл Шац, рэдактар «Новой газеты. Эўропа» Кірыл Мартынаў, муніцыпальны дэпутат Юлія Галяміна, блогер Кірыл Фёдараў, журналіст Сяргей Лойка, палітоляг Сяргей Мядзьведзеў, а таксама кампанія «Новости».

У рэестар фізычных асобаў-«замежных агентаў» уключаны музыка Андрэй Макарэвіч, бізнэсовец Барыс Зімін, журналістка Кацярына Гардзеева, украінскі журналіст Дзьмітры Гардон, юрыст Іван Жданаў і палітоляг Фёдар Крашэніньнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу супраць украінскага журналіста Дзьмітрыя Гардона

Паводле новага расейскага закону аб «замежных агентах» людзям і арганізацыям з такім статусам забароняць выкладаць у дзяржаўных школах і ВНУ, весьці асьветніцкую дзейнасьць сярод непаўналетніх і атрымліваць дзяржаўнае фінансаваньне для ажыцьцяўленьня творчай дзейнасьці. Ім будзе закрыты доступ да дзяржаўнай таямніцы. Ім забароняць вылучаць кандыдатуры ў склад Грамадзкіх назіральных камісій і рабіцца чальцамі выбарчых камісій. Ім нельга будзе арганізоўваць публічныя мерапрыемствы.

Новыя правілы набудуць моц 1 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аэрапорт» Сяргея Лойкі: Хронікі бессэнсоўнай вайны