Украіна ўвяла новыя санкцыі супраць Беларусі

Расейскія танкі на станцыі Навабеліца пад Гомлем

Украінскі ўрад на прапанову Міністэрства рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны ўхваліў новы пакет абмежавальных мераў супраць Беларусі і Расеі.

У санкцыйны сьпіс уключана 99 фізычных і 178 юрыдычных асобаў.

У паведамленьні адзначаецца, што санкцыі ўвялі ў дачыненьні да прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу РФ, службовых асобаў Нацбанкаў Беларусі і Расеі, а таксама беларускіх і расейскіх кампаній і грамадзян, якія садзейнічалі агрэсіі Расеі супраць Украіны і з дапамогай якіх РФ спрабавала абыходзіць прымененыя супраць яе санкцыі.

Мінрэінтэграцыі не называе канкрэтных імёнаў фізычных асобаў і кампаній, адзначаючы толькі, што санкцыйны сьпіс фізычных асобаў ачолілі дочкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Пуціна, а сярод кампаній — расейская група мэдыйных кампаній «Царьград», кампаніі, якія займаюцца майнінгам, пастаўкамі мікраэлектронікі для ВПК. Імёны беларускіх фізычных асобаў ці назвы беларускіх кампаній у паведамленьні не фігуруюць.

У ліпені 2021 год Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць 52 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненьне да фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і разгону ўдзельнікаў акцый пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы расчараваліся ў беларусах. Што стаіць за крытыкай Падаляка ў адрас Ціханоўскай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы разьлюбілі беларусаў не таму, што ня ведаюць пра Беларусь