Запароская АЭС зноў адключаная ад сеткі і працуе праз рэзэрвовую лінію, — МАГАТЭ

Акупаваная Расеяй Запароская АЭС была адключаная ад апошняй асноўнай лініі электраперадачы і працуе праз рэзэрвовую лінію, паведаміла 3 верасьня Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі.

МАГАТЭ са спасылкай на сваіх прадстаўнікоў на месцы заявіла, што ўкраінская АЭС «чарговы раз страціла сувязь з апошняй асноўнай зьнешняй лініяй электраперадачы». Такім чынам, станцыя працягвае падаваць электраэнэргію ў сетку па рэзэрвовай лініі.

«Менш чым праз 48 гадзін пасьля таго, як генэральны дырэктар Рафаэль Марыяна Гросі ўстанавіў прысутнасьць місіі МАГАТЭ па падтрымцы і дапамозе ў Запарожжы на аб’екце на поўдні Украіны, кіраўніцтва ўкраінскага пэрсаналу паведаміла экспэртам агенцтва, што чацьвёртая дзейная лінія электраперадач ЗАЭС напружаньнем 750 кілавольт выйшла з ладу. Астатнія тры былі адключаныя раней падчас канфлікту», — дадалі ў ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фізычная цэласнасьць АЭС была парушаная некалькі разоў». Кіраўнік МАГАТЭ расказаў пра стан Запароскай АЭС

Напярэдадні генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што на Запароскай АЭС застаюцца шэсьць экспэртаў агенцтва, цяпер іх застаецца двое.

Прыезд місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС 1 верасьня быў зьвязаны з засьцярогамі наконт ядзернай катастрофы, выкліканымі ўзмацненьнем абстрэлаў станцыі. 5 жніўня ўпершыню ў гісторыі станцыі Запароская АЭС на пэўны час была цалкам адключана ад электрасетак.

З 4 сакавіка Запароская АЭС і яе горад-спадарожнік Энэргадар знаходзяцца пад акупацыяй расейскіх войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кісларод гуманізму, або чаму Алесь Адамовіч актуальны сёньня