Асудзілі жанчыну, якая правяла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку

Скрыншот відэа

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што 5 верасьня асудзілі Ганну Тукаву — жанчыну, якая 1 верасьня падчас лінейкі ў гімназіі № 1 гораду Наваполацку выйшла з антываеннай акцыяй.

Вядома, што ёй прызначылі штраф (у яе маленькае дзіця, таму на «суткі» яе адправіць не маглі), але на волю яна так і ня выйшла — склалі яшчэ адзін пратакол.

Здарэньне адбылося падчас падчас лінейкі ў гімназіі № 1 Наваполацку, калі да школьнікаў прыйшлі з паказальным выступам людзі ў вайсковай форме, са зброяй і чырвоным сьцягам.

У сярэдзіне выступу вайскоўцаў жанчына стала перад імі, паказваючы рукой знак V (жэст, які выкарыстоўваўся для абазначэньня перамогі падчас Другой сусьветнай вайны; у ЗША ў ходзе пратэстаў супраць вайны ў Віетнаме ў 1960-я гады, а пазьней і зь іншых нагодаў, актывісты ўжывалі гэты жэст як знак міру).

Акцыя доўжылася некалькі хвілін. Да жанчыны падышлі супрацоўнікі школы, а потым і міліцыянт, які павёў яе ў невядомым кірунку. Сышла яна пад воплескі.