Сям’я каралевы Вялікай Брытаніі накіравалася да яе ў рэзыдэнцыю на фоне паведамленьняў аб пагаршэньні яе здароўя

Лізавета II прымае новую брытанскую прэм'ер-міністарку Ліз Трас у сваёй рэзыдэнцыі ў Шатляндыі. Архіўнае фота.

Сын каралевы Вялікай Брытаніі Лізаветы II прынц Чарльз і яе ўнук прынц Уільям адправіліся ў рэзыдэнцыю Балморал у Шатляндыі, дзе знаходзіцца каралева пасьля афіцыйнага паведамленьня аб пагаршэньні яе стану.

Пра гэта паведамляе ВВС.

8 верасьня Букінгемскі палац распаўсюдзіў паведамленьне аб тым, што 96-гадовая каралева знаходзіцца пад назіраньнем лекараў, занепакоеных станам яе здароўя.

Чальцы парлямэнту даведаліся пра гэта падчас дэбатаў пра энэргетычны крызіс у краіне. Сьпікер перапыніў выступы, каб паведаміць навіну.

У аўторак яна прыняла новую прэмʼер-міністарку Ліз Трас, насуперак традыцыі, не ў Букінгемскім палацы, а ў Балморале. У сераду ўвечары Лізавета, па рэкамэндацыі лекараў, прапусьціла прыём з Тайнай радай Вялікай Брытаніі, на якім Трас і яе міністры павінны былі прынесьці фармальную прысягу.

Каралева ўзышла на пасад у 1952 годзе, у 2015 годзе яна стала манархам, які правіў найдаўжэй ва ўсёй гісторыі Вялікай Брытаніі і Англіі. У чацьвер, пасьля паведамленьня аб пагаршэньні стану яе здароўя, вядучыя брытанскія палітыкі ў сацыяльных сетках жадаюць ёй хутчэй акрыяць.

Каралева Лізавета ІІ калісьці і ў апошні год жыцьця. Фотагалерэя