Інстытут вывучэньня вайны: Украіна можа вярнуць акупаваны Расеяй Купянск цягам 72 гадзін

Украінскія вайскоўцы на Харкаўшчыне, травень 2022

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) апублікаваў справаздачу, у якой выказаў меркаваньне, што ўкраінскія вайскоўцы могуць узяць ключавы горад у раёне ўкраінскага контрнаступу Купянск «цягам наступных 72 гадзінаў».

Паводле справаздачы ISW, Узброеныя сілы Ўкраіны знаходзяцца за 15 км ад Купянску і цягам ночы будуць абстрэльваць горад. На кадрах з геалякацыяй відаць пашкоджаньні ад імавернага ўкраінскага ўдару па расейскім вайсковым штабе ў акупаваным Купянску.

«Параўнальна вялікая хуткасьць прасоўваньня ўкраінскіх войскаў, блізкасьць да Купянску і здольнасьць абстрэльваць горад выклікаюць паніку ў расейскіх тылах», — адзначаюць у ISW.

Захоп Купянску прывядзе да перашкоды расейскім наступальным і абаронным апэрацыям, аднак цалкам камунікацыі войскаў РФ з акупаваным Ізюмам не разарве, ацэньваюць экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генштаб Украіны: страты расейскіх войскаў набліжаюцца да 52 тысяч чалавек, украінцы вызвалілі 1000 км² тэрыторыі

Украінскія сілы таксама працягваюць наносіць удары па пунктах кіраваньня і складах боепрыпасаў у Херсонскай вобласьці, гаворыцца ў штодзённай справаздачы Інстытуту.

Прызначаны Расеяй кіраўнік адміністрацыі акупаваных раёнаў Харкаўскай вобласьці Віталь Ганчаў напярэдадні абвясьціў эвакуацыю ўсіх жанчын і дзяцей з горада Купянску і Купянскага раёну, а таксама Ізюмскага раёну, спаслаўшыся на ўзмацненьне ўкраінскіх артылерыйскіх і ракетных удараў, але, хутчэй за ўсё, з прычыны працягу наземных апэрацый, лічаць экспэрты.

Мінабароны Расеі не камэнтуе заяў Украіны пра контранаступ у Харкаўскай вобласьці, а расейскі пастаянны прадстаўнік у ААН Васіль Нябензя заявіў, што «ні пра які прарыў, зразумела, і блізка няма гаворкі», «узята некалькі пэрыфэрыйных вёсак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі Генштаб паведаміў пра вызваленьне больш як 20 населеных пунктаў Харкаўскай вобласьці