Украінскія войскі занялі левабярэжную частку гораду Купянску

Украінскія войскі, як паведамляецца, вызвалілі левабярэжную ўсходнюю частку гораду Купянску ў Харкаўскай вобласьці. Пра гэта пішуць журналісты-расьсьледавальнікі ў сацсетках і камандзір украінскага падразьдзяленьня «Кракен» Сяргей Вялічка ў Тэлеграме.

Інфармацыю аб пераходзе Купянску пад кантроль украінскіх вайскоўцаў таксама пацьвердзіла крыніца Радыё Свабода.

Гэта азначае, што ўзброеныя сілы Ўкраіны змогуць прадоўжыць контранаступ на левым беразе ракі Аскол.

Кіеў інфармацыю аб узяцьці Купянску пакуль не пракамэнтаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буча, Марыюпаль і цяпер Ізюм. У вызваленых населеных пунктах Харкаўшчыны знайшлі доказы новых злачынстваў расейскай арміі. ВІДЭА

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы 16 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Самаркандзе і гаворачы пра дзеяньні ўкраінскіх войскаў, адзначыў, што Масква бачыць «спробы правядзеньня тэрактаў» і адказвае на гэта стрымана, але адказ можа аказацца больш сур’ёзным. «Паглядзім, чым яно скончыцца, сьцяг у рукі», — сказаў Пуцін пра ўкраінскі контранаступ.

Акрамя таго, расейскі прэзыдэнт паведаміў, што плян «спэцапэрацыі» карэкціроўцы не падлягае, а асноўная мэта Масквы — вызваленьне Данбасу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея «зробіць усё», каб вайна скончылася «як мага хутчэй»
  • На пачатку верасьня ў выніку контранаступу ўкраінская армія вызваліла Ізюм і дзясяткі іншых населеных пунктаў. Расейскія войскі пакінулі паўночныя раёны Харкаўскай вобласьці.
  • Прадстаўнікі ўкраінскага кіраўніцтва заяўляюць, што цяпер не гатовыя да перамоваў з Расеяй. Іх мінімальнае патрабаваньне — вывад войскаў з усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны, уключаючы анэксаваны Крым.
  • Расейскія патрабаваньні да Кіева не фармалізаваныя. Пуцін раней называў мэтамі апэрацыі прызнаньне Ўкраінай анэксіі Крыму, самаабвешчаных рэспублік Данбасу, а таксама «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ўвесь час думала, якой сьмерцю памру». Рэпартаж зь сяла ў Харкаўскай вобласьці, жыхары якога паўгоду правялі пад расейскай акупацыяй