Абсалютная большасьць грузінаў за ўступленьне ў NATO. За збліжэньне з Расеяй — 9%

Сьцяг NATO каля сядзібы парлямэнту Грузіі

Большая частка насельніцтва Грузіі не давярае палітыкам, незадаволеным эканамічным становішчам у краіне, але пры гэтым падтрымлівае заходні курс і інтэграцыю Грузіі ў ЭЗ і NATO. Такія вынікі чарговага дасьледаваньня, праведзенага ў Грузіі з 14 ліпеня па 15 жніўня амэрыканскай няўрадавай арганізацыяй — Нацыянальна-дэмакратычным інстытутам (NDI).

У прыватнасьці, 75% апытаных NDI (76% — у ліпені 2021 года) падтрымліваюць інтэграцыю Грузіі ў ЭЗ, 14% (11% — у ліпені 2021 года) выступаюць супраць, а 10% (13% — у ліпені 2021 года) не вызначыліся зь меркаваньнем у дадзенай сувязі.

Што тычыцца інтэграцыі ў NATO, 69% (74% — у ліпені 2021 года) рэспандэнтаў NDI выступаюць — за, 16% (11% — у ліпені 2021 года) — супраць, а 14% (аналягічны паказчык у ліпені 2021 года) — не змаглі адказаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЭЗ пра Лукашэнку: «Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія ёсьць у Беларусі»

Гаворачы аб галоўных перашкодах на шляху эўрапейскай інтэграцыі Грузіі, 25% апытаных NDI заявілі, што гэта прычына ў адсутнасьці палітычнай волі ўрада, 19% назвалі — тэрытарыяльныя канфлікты, 17% — Расею, 15% — пазыцыю Брусэля, 14% — палітычную нестабільнасьць у Грузіі, 13% — адсутнасьць дэмакратыі, 10% — неразьвітую эканоміку.

Па выніках апошняга дасьледаваньня NDI, 47% апытаных заявілі, што выступаюць за празаходні зьнешнепалітычны курс Грузіі, 31% рэспандэнтаў, падтрымліваючы празаходнюю палітыку, сказалі, што хочуць пры гэтым добрых адносін з Расеяй, а прыхільнікі збліжэньня з Расеяй склалі ўсяго 9% з агульнай колькасьці ўдзельнікаў апытаньня NDI.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У найбліжэйшыя дні адмоўлюся ад грамадзянства». Сахашчык расказаў пра свае сувязі з Расеяй і адказаў Белаконеву