Джо Байдэн заявіў, што ЗШA будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскай агрэсіі

Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што амэрыканскія войскі будуць абараняць Тайвань у выпадку ўварваньня з боку Кітая. Аб гэтым ён сказаў у інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі CBS.

Журналіст удакладніў у прэзыдэнта, ці будзе гэта азначаць, што амэрыканскія вайскоўцы будуць удзельнічаць у абароне Тайваня ў выпадку ўварваньня Кітая, Байдэн адказаў: «Так, калі гэта будзе беспрэцэдэнтны напад». Журналіст удакладніў у прэзыдэнта, ці мае ён на ўвазе, што, у адрозьненьне ад канфлікту ва Ўкраіне, амэрыканскія вайскоўцы будуць абараняць востраў. Байдэн адказаў станоўча.

У гэтым жа інтэрвію Джо Байдэн пацьвердзіў далейшы намер дапамагаць Украіне ў яе змаганьні за незалежнасьць супраць Расеі, якая акупавала частку ўкраінскіх тэрыторый.

Інтэрвію CBS з прэзыдэнтам ЗША запісана на мінулым тыдні. У траўні ў Байдэна пыталіся, ці гатовы ЗША прыняць удзел у ваенных дзеяньнях для абароны Тайваня, і ён адказаў: «Так. Гэта абавязаньне, якое мы ўзялі на сябе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тайвань адкінуў плян Кітая «адна краіна — дзьве сыстэмы»

У інтэрвію «60 Minutes» Байдэн паўтарыў, што Злучаныя Штаты застаюцца прыхільнымі палітыцы «Аднаго Кітая», у рамках якой Вашынгтон афіцыйна прызнае Пэкін, а не Тайбэй, і сказаў, што ЗША не заахвочваюць незалежнасьць Тайваня.

Сытуацыя ў рэгіёне абвастрылася ў жніўні на фоне візыту спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі на Тайвань, які Кітай лічыць сваёй тэрыторыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэнсі Пэлосі прыляцела ў Ерэван. Гэта самы высокапастаўлены прадстаўнік ЗША ў Армэніі за 30 год