У Польшчы адкрылі газаправод, па якім пойдзе газ з Нарвэгіі

Кіраўнікі ўрадаў Даніі і Польшчы на адкрыцьці газаправоду Baltic Pipe

У Польшчы ў горадзе Галеняў адкрылі газаправод Baltic Pipe, па якім будзе пастаўляцца 10 мільярдаў кубамэтраў газу з Нарвэгіі штогод.

«Эпоха расейскага дамінаваньня ў газавай сфэры падыходзіць да канца: эпоха, адзначаная шантажом, пагрозамі і вымагальніцтвам», — цытуе словы прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага агенцтва PAP.

Baltic Pipe злучыў газаправодам Польшчу і Данію. Таму ў адкрыцьці ўдзельнічала прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн.

Чакаецца, што газ з Нарвэгіі пачне пастаўляцца ў Польшчу і ў суседнія краіны з 1 кастрычніка, а да зімы газаправод запрацуе на поўную магутнасьць. Пастаўкі будуць забясьпечаныя за кошт здабычы сумесным прадпрыемствам з удзелам польскага капіталу, а таксама за кошт кантрактаў, заключаных кампаніяй PGNiG.

  • У Польшчы ацэньваюць, што спажыцьцё натуральнага газу ў краіне сёлета складзе 18 млрд кубамэтраў. Прыблізна траціна спажыванага газу ў Польшчы паходзіць з уласнай здабычы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча плянуе цалкам адмовіцца ад расейскай нафты да канца году, ад вугалю — у красавіку-траўні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча заявіла, што з кастрычніка 2022 году перастане купляць расейскі газ