Зяленскі прапануе разьмясьціць міжнародных назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы

Уладзімір Зяленскі

Падчас выступу на саміце G7 прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі прапанаваў разьмясьціць міжнародных назіральнікаў на ўкраінска-беларускай мяжы ў мэтах пазьбяганьня правакацый.

Выступаючы на саміце G7 празь відэасувязь, Зяленскі адзначыў, што «мір магчымы проста тады, калі ёсьць мір не з адным суседам, а калі ён з усімі суседзямі. Я хачу зьвярнуць увагу на адну краіну. Тэрыторыя Беларусі ўжо выкарыстоўваецца для ўдараў па Ўкраіне. Цяпер мы бачым вялікую пагрозу. Расея спрабуе наўпрост уцягнуць Беларусь у вайну, разыгрываючы правакацыю з тым, што мы нібыта рыхтуем удар па гэтай краіне».

Зяленскі таксама заўважыў, што Ўкраіна ніколі ня мела на мэце нападу на Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO пра напад Расеі на Ўкраіну: «Лукашэнка павінен спыніць любыя крокі па ўступленьні ў гэты незаконны канфлікт»

«Каб цалкам зьняць гэтую правакацыю, зьняць гэтыя наратывы, якія гучаць ад Лукашэнкі, мы прапануем сваё рашэньне: на мяжы Ўкраіны і Беларусі можа быць разьмешчаная місія міжнародных назіральнікаў для маніторынгу сытуацыі ў справе бясьпекі, — сказаў Зяленскі. — Фармат можа быць распрацаваны нашымі дыпляматамі. Я вас прашу на ўзроўні G7 падтрымаць гэтую ініцыятыву».

  • Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў Санкт-Пецярбургу пасьля нефармальнага саміту СНД у яго адбылася сустрэча сам-насам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, і заявіў пра разгортваньне супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. Таксама ён сказаў, што ў Беларусь прыбудуць тысячы расейскіх салдатаў.
  • Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі. Украінскае МЗС заявіла, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, і назвала дзеяньні Менску «чарговымі інсынуацыямі рэжыму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі будзе выбар — страціць уладу і жыцьцё ці ўступіць у вайну, Лукашэнка выбера вайну, — Котаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскай выведцы заявілі аб новых пастаўках Расеяй дронаў у Беларусь і вывазе беларускіх боепрыпасаў