ЭЗ увёў санкцыі супраць вінаватых у парушэньнях правоў чалавека ў Іране

Студэнцкія пратэсты ў Іране

Эўразьвяз у панядзелак, 17 кастрычніка, вырашыў увесьці дадатковыя санкцыі супраць вінаватых у парушэньнях правоў чалавека ў Іране. 

У санкцыйны сьпіс трапілі 11 іранскіх фізычных асоб і чатыры арганізацыі. Іх абвінавачваюць у жорсткім задушэньні пратэстаў, якія ўспыхнулі ў краіне ў сярэдзіне верасьня з прычыны гібелі Махсы Аміні.

Яна была затрымана ў Тэгеране паліцыяй нораваў за няправільнае нашэньне хіджаба. З участка затрыманую адправілі ў лякарню, дзе празь некалькі дзён яна памерла. Сваякі лічаць, што прычынай сьмерці стала пабіцьцё ў паліцыі. Улады адмаўляюць факт зьбіцьця.

У чорны сьпіс ЭЗ уключылі сярод іншых паліцыю нораваў і двух яе прадстаўнікоў, іранскія праваахоўныя органы, а таксама міністра інфармацыі і тэхналёгій. Яго прызналі адказным за адключэньне ў краіне інтэрнэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране гарыць турма, у якой катавалі вязьняў. ВІДЭА

У Брусэлі таксама гатовы абмеркаваць новыя санкцыі супраць Тэгерана ў сувязі з магчымымі пастаўкамі бесьпілётнікаў у Расею для вайны з Украінай.

Кіеў заявіў, што даваньне Іранам зброі Расеі для вядзеньня поўнамаштабнай вайны робіць яго саўдзельнікам агрэсіі і ваенных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны.

Іран усе абвінавачаньні ў пастаўках зброі бакам,якія ваююць, адхіляе. Прадстаўнік МЗС краіны заявіў, што інфармацыя аб продажу дронаў Маскве спэцыяльна распаўсюджваецца заходнімі крыніцамі.