У Польшчы стралялі, каб затрымаць кантрабандыста зь беларускімі цыгарэтамі

Нелегальныя цыгарэты зь Беларусі, затрыманыя ў Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы затрымалі фургон, загружаны беларускімі цыгарэтамі. Кіроўца спрабаваў уцячы, але польская памежная варта затрымала яго, прастрэліўшы шыны.

Памежная варта паведаміла, што інцыдэнт адбыўся 20 кастрычніка. Памежнікі падалі фургону Peugeot Boxer сыгнал спыніцца, але кіроўца зрэагаваў павелічэньнем хуткасьці. Памежнікі кінуліся ў пагоню. Каб спыніць машыну, яны скарысталі стужку з шыпамі і стралялі па колах. Кіроўца кінуў машыну з прабітымі шынамі і паспрабаваў уцячы, але яго схапілі.

Кантрабандыстам аказаўся 38-гадовы жыхар польскага Элку. Ён перавозіў амаль 3,5 мільёна цыгарэт зь беларускімі акцызнымі нумарамі, коштам больш за 2,5 мільёна злотых ($0,5 млн). Акрамя таго, у машыне, на якой ён кантрабандай перавозіў нелегальныя тытунёвыя вырабы, былі спэцыяльныя сховы, у якіх разьмяшчалася ўстаноўка для раскіданьня шыпоў па дарозе, каб спыняць пагоню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад выглядам цукерак. У Літве затрымалі беларускія цыгарэты амаль на 2 мільёны эўра