Палітвязьня Стэфановіча пераабралі віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека

Адкрыцьцё 41-й сэсіі Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, Парыж, Францыя, 23 кастрычніка 2022 г.

Падчас адкрыцьця ў Парыжы 41-га Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) партрэты зьняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ільля Нузаў зачытаў зварот праваабаронцы Валянціна Стэфановіча з-за кратаў.

27 кастрычніка на 41-м Кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) беларускі праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч, віцэ-прэзыдэнт FIDH, быў пераабраны на гэтую пасаду, паведамляе «Вясна» .

41-ы Кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) распачаўся 23 кастрычніка ў Парыжы. Беларускі палітзьняволены праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч на пасадзе віцэ-прэзыдэнта FIDH з 2019 году.

Валянцін Стэфановіч, 2017

Падчас адкрыцьця Кангрэсу партрэты зьняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ільля Нузаў зачытаў зварот Валянціна з-за кратаў.

«Асобна хацеў бы падзякаваць сваім братам і сёстрам праваабаронцам за іх салідарнасьць і падтрымку ўсіх пазбаўленых свабоды праваабаронцаў у сьвеце, і, вядома, мяне асабіста. Праваабарончая салідарнасьць — магутная сіла, і я веру, што хутка змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху да сусьветнай гармоніі, любові і міру», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі

Падчас канкрэсу дэлегаты з Віетнаму, ЗША, Армэніі, Малдовы, Беларусі, Бэльгіі, Расеі, Францыі, Калюмбіі, Нарвэгіі, Казахстану і Батсваны падтрымалі зьняволеных праваабаронцаў «Вясны».

На адкрыцьці Кангрэсу прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і намесьнік мэра Парыжу ўзгадалі Праваабарончы цэнтар «Вясна» і яго заснавальніка палітзьняволенага Алеся Бяляцкага, які разам з расейскім праваабарончым цэнтрам «Мэмарыял» і ўкраінскім «Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў» стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.

Ільля Нузаў зачытвае зварот палітзьняволенага Валянціна Стэфановіча

Сёлета Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) адзначае 100-годзьдзе.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.