Польшча пабудуе агароджу на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі, плот на мяжы зь Беларусьсю ўжо зьявіўся

Кіраўнік Мінабароны Польшчы Марыюш Блашчак

Паводле польскага боку, гэта дапаможа ўзмацніць бясьпеку краіны.

Рашэньне аб пачатку будовы агароджы на польска-расейскай мяжы абвясьціў 2 лістапада міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

«Сёньня пачнуцца працы сапёраў, што зьяўляецца пачаткам будаўніцтва часовай агароджы на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю», — дадаў ён.

Марыюш Блашчак зазначыў, што такія захады прадпрынятыя ў сувязі з патрэбай узмацніць бясьпеку на мяжы.

Паводле міністра абароны, агароджа будзе складацца з трох столак калючага дроту шырынёй тры мэтры і вышынёй два з паловай мэтры.

«Таксама будуць праводзіцца работы з забесьпячэньнем пэрымэтра, гэта значыць прылад, якія забясьпечаць электронны кантроль мяжы з Калінінградзкай вобласьцю», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лесьвіцы, падкопы, па рэках: мігранты працягваюць спробы трапіць у Польшчу зь Беларусі. З пачатку году — больш за 6 тысяч спробаў

Летам 2021 году Польшча на фоне росту патоку мігрантаў зь Беларусі спачатку ўзьвяла часовую драцяную загароду. А ў 2022-м на польска-беларускай мяжы быў пабудаваны 180-кілямэтровы плот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія ўсьлед за Літвой і Польшчай пачала будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю