У Шатляндыі правялі выпрабаваньні падводнай электрастанцыі

Ілюстрацыйнае фота

Шатляндзкая марская энэргетычная кампанія AWS Ocean Energy правяла выпрабаваньні новай тэхналёгіі пераўтварэньня хвалевай энэргіі пад назвай «Хвалі Архімэда» (Archimedes Waveswing) ля паўночна-ўсходняга ўзьбярэжжа краіны.

Вынікі перасягнулі ўсе чаканьні: устаноўка лепшая за ўсе аналягі, якія тэставалі ў Эўрапейскім цэнтры марской энэргіі (EMEC) на Аркнэйскіх астравах. Пераўтваральнік энэргіі хваль Waveswing улоўліваў сярэднюю магутнасьць больш за 10 квт і пікавыя значэньні 80 квт у пэрыяд умераных хвалевых умоў, піша awsocean.com.

Нават сам распрацоўшчык чакаў значэньняў на 20% менш.

Галоўнае адрозьненьне распрацоўкі ад аналягаў у тым, што 50-тонны пераўтваральнік мацуецца да дна і менш успрымальны да штармавых умоў. Гэты «падводны хвалевы буй» вышынёй 7 м і дыямэтрам 4 м будзе працаваць нават падчас шторму магутнасьцю 10 балаў, упэўненыя распрацоўшчыкі. Таму такая ўстаноўка падыдзе для сілкаваньня аддаленых сьвідравальных установак на нафтавых радовішчах і правядзеньня акіянаграфічнага маніторынгу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Энэргетыкі — тыя ж войскі, але на іншым фронце». Зь якімі праблемамі сутыкнулася Ўкраіна пасьля расейскіх атак на энэргааб’екты

У пэрспэктыве можна аб’яднаць на адной плятформе да 20 агрэгатаў магутнасьцю 500 квт кожны, каб выкарыстаць такі комплекс і для камунальных патрэб.

У апошні час у Эўропе актывізаваліся дасьледаваньні альтэрнатыўных крыніц энэргіі, што абапіраюцца на практыку. Так, навукоўцы з Унівэрсытэту Райса распрацавалі тэхналёгію ператварэньня серавадароду, які ўтвараецца ў выніку працы нафтаперапрацоўчых заводаў, у запатрабаваны вадарод пры дапамозе сьвятла.

А француская кампанія Unéole стварыла сыстэму вытворчасьці аднаўляльнай энэргіі, якая не залежыць ад зьмены надвор’я. Для гэтага яна аб’яднала ветравыя турбіны і сонечныя панэлі ў адной устаноўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў БелАЭС «ратункам для краіны», пакуль Захад эканоміць электрычнасьць. Але АЭС ужо паўгода рамантуюць