Замест рэстаранаў McDonald's у Беларусі будзе працаваць расейскі брэнд «Вкусно и точка»

Лягатып расейскай сеткі «Вкусно и точка»

Сетка рэстаранаў хуткага абслугоўваньня McDonaldʼs пад кіраваньнем «КСБ Виктори Рестораны» зьбіраецца на працягу некалькіх тыдняў працягнуць працу пад расейскім брэндам «Вкусно и точка», паведамляецца ў прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце кампаніі.

«Мы захаваем усе працоўныя месцы, працягнем прапаноўваць гасьцінны сэрвіс, разнастайнае мэню, любімы смак страў і высокую якасьць прадукцыі па даступных цэнах, да якіх прывыклі нашы госьці», — гаворыцца ў заяве.

Дакладная дата пачатку працы пад брэндам «Вкусно и точка» не пазначаная.

«Вкусно и точка» — расейская сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня, якая замяніла сетку McDonaldʼs пасьля яе закрыцьця ў Расеі.

На сайце «Вкусно и точка» паведамляецца, што кампанія завяршае працэдуру перадачы выключных правоў па дамове франчайзінгу беларускай сеткі прадпрыемстваў хуткага абслугоўваньня пад кіраваньнем «КСБ Виктори Рестораны». Да моманту пераходу сетка працягне працу пад брэндам McDonaldʼs на беларускім рынку.

Кампанія пачне працу пад новым брэндам на працягу некалькіх тыдняў, пасьля завяршэньня ўсіх неабходных юрыдычных працэдур.

«На дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь адкрыта 25 прадпрыемстваў хуткага абслугоўваньня ў шасьці гарадах, штогод яны абслугоўваюць больш за 10 мільёнаў гасьцей. Рашэньне аб далейшай працы ў якасьці франчайзі „Вкусно и точка“ дазволіць кампаніі захаваць больш за 2000 працоўных месцаў, працягваючы выконваць усе раней прынятыя абавязацельствы перад супрацоўнікамі. У прадпрыемствах захаваюцца дзейныя канцэпцыі абслугоўваньня і сэрвісы, а таксама высокія стандарты якасьці і працы, да якіх прывыклі госьці сеткі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Падпісаньне дамовы аб франчайзінгу ў расейскай кампаніі назвалі «вельмі важным крокам».

«Цяпер „Вкусно и точка“ будзе працаваць ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі, і гэта толькі пачатак! — сказаў уладальнік сеткі Аляксандар Говар, — Мы плянуем эфэктыўна ўзаемадзейнічаць з нашымі франчайзі, каб пашыраць бізнэс і даць яшчэ большай колькасьці гасьцей смачныя, якасныя і любімыя імі прадукты па даступных цэнах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве адкрылі новыя рэстараны замест McDonald’s, які сышоў праз санкцыі. На адкрыцьцё сабраліся чэргі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: McDonald’s канчаткова пакідае Расею: далейшая праца «не адпавядае каштоўнасьцям» кампаніі