Лукашэнка прыгразіў замежным кампаніям нацыяналізацыяй, калі яны паспрабуюць сысьці зь беларускага рынку

Аляксандар Лукашэнка, наведваючы 11 лістапада з рабочай паездкай Талачынскі раён (Віцебская вобласьць), прыгразіў нацыяналізацыяй кампаніям з замежным капіталам у выпадку, калі яны захочуць пакінуць беларускі рынак.

«Не хачу называць прадпрыемства, ужо мне сыгналізуюць, што адны зьбеглі, фіны. А літоўцы бегаюць, шукаюць, як гэта, каб ня кінуць прадпрыемства, а яго добра прадаць. Дык вось яны павінны ведаць, што ніхто нічога не прадасьць з замежным капіталам. Гэта будзе нацыяналізавана. Вось і ўсё», — сказаў Лукашэнка.

У адказ на словы старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Субоціна пра намер літоўскага бізнэсу паўдзельнічаць у будаўнічых праектах у Беларусі Лукашэнка адказаў: «Каб я блізка ня бачыў вашых больш тут літоўцаў, фінаў і іншых. Мы ведаем, як яны заходзілі і як яны пакідалі ўсё і павыходзілі. Мы ведаем гэта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі McDonald’s. Праз вайну і санкцыі зь Беларусі сышлі дзясяткі вядомых брэндаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павіншаваў «народ Польшчы» са сьвятам Незалежнасьці. Што ён не згадаў у віншаваньні