«Ніхто дакладна ня ведае, колькі людзей затрымалі ў іхнай справе». Падрабязнасьці справы музыкаў гурту TOR BAND

Музыкі TOR BAND на сцэне

Пасьля 15 дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня ня выйшлі на волю музыкі гурту TOR BAND Зьміцер Галавач і Яўген Бурло. На пачатку лістапада зьявілася інфармацыя, што песьні TOR BAND і сацыяльныя сеткі гурту прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Ніхто дакладна ня ведае, колькі людзей затрымалі ў іхнай справе». Падрабязнасьці справы музыкаў гурту TOR BAND

Пасьля 15 дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня ня выйшлі на волю музыкі гурту TOR BAND Зьміцер Галавач і Яўген Бурло. На пачатку лістапада зьявілася інфармацыя, што песьні TOR BAND і сацыяльныя сеткі гурту прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Музыкаў гурту TOR BAND затрымалі ў Рагачове разам з жонкамі 28 кастрычніка.

«Дакладна невядома, колькі ўвогуле людзей узялі ў справе TOR BAND. Бо затрымалі ня толькі іх, але і фатографа Андрэя Салава, які ўдзельнічаў у здымках кліпаў гурту. Ня выключана, што затрымалі і тых, хто здымаўся ў кліпах. Усе сваякі, сябры маўчаць. Відавочна, іх запалохалі. Пра Галавача і Бурло кажуць, што на іх навешалі нямала крымінальных артыкулаў», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

TOR BAND стаў папулярным на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія іхныя песьні былі гітамі, сабралі мільёны праглядаў і праслухоўваньняў на розных плятформах. Гітамі пратэстаў 2020 году былі песьні «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадох музыкі выпусьцілі папулярныя песьні «Dead Мороз»; «Мы станем сильней!»; «Родная зямля». У песьнях гучалі ў тым ліку антываенныя выказваньні.

У «рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» зьявілася пазнака, што яшчэ 29 жніўня інфармацыйная прадукцыя, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту TOR BAND былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Пазначана, што «экстрэмісцкія» таксама песьні «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы — не народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля».

З Youtube-каналу TOR BAND зьніклі відэакліпы на папулярныя кампазыцыі зь мільённымі праглядамі. Яны засталіся толькі ў плэйлістах аўдыёвэрсіі, бязь відэа.

Як стала вядома Свабодзе, знаёмыя музыкаў просяць людзей не пісаць у сацыяльныя сеткі гурту, бо тыя пад кантролем міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацсеткі і песьні гурту Tor Band прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з Youtube-каналу гурта зьніклі відэа зь мільённымі праглядамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 кастрычніка: у Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурту Tor band разам з жонкамі