Чэскі парлямэнт прызнаў Расею «дзяржавай-спонсарам тэрарызму»

Статуя Пуціна ў іранічна-парадыйным стылі на антырасейскім пратэсьце ў Празе, архіўнае фота

Ніжняя палата парлямэнту Чэхіі асудзіла маштабныя расейскія атакі супраць цывільнага насельніцтва Ўкраіны.

Палата дэпутатаў парлямэнту Чэскай Рэспублікі абвясьціла Расею «дзяржавай — спонсарам тэрарызму». Рашэньне мела падтрымку значнай часткі палаты, якая асудзіла расейскае ўварваньне ва Ўкраіну і не прызнала рэфэрэндумаў аб анэксіі чатырох украінскіх вобласьцяў, піша Reuters.

Праект рэзалюцыі, якая абвяшчае Расею дзяржавай, што фінансуе тэрарызм, падтрымалі 129 са 156 дэпутатаў. Супраць прагаласавалі 14 дэпутатаў ад ультраправай партыі «Свабода і простая дэмакратыя», яшчэ 13 дэпутатаў устрымаліся.

Ніжняя палата чэскага парлямэнту асудзіла «расейскую агрэсію ва Ўкраіне», у прыватнасьці, маштабныя атакі супраць цывільнага насельніцтва, маёмасьці і ключавых аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры, заявіўшы, што яны ёсьць «відавочнаю спробаю» дасягненьня палітычных мэтаў праз «запалохваньне цывільнага насельніцтва».

Акрамя таго, большасьць Палаты дэпутатаў адзначыла, што напады прыводзяць да «паўсюдных абмежаваньняў або адключэньняў у падачы электраэнэргіі, вады ці цяпла, што ставіць у небясьпеку цывільнае насельніцтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Чэхіі: Кіраўніцтва Крамля павінна паўстаць перад трыбуналам за свае злачынствы

Заява парлямэнту зьявілася незадоўга да таго, калі, як мяркуецца, расейская ракета ўпала ў Польшчы, забіўшы двух чалавек у памежнай вёсцы Пшэводаў, што вымусіла польскія ўлады склікаць Раду бясьпекі краіны для ацэнкі сытуацыі. Таксама адмысловае пасяджэньне можа правесьці NATO, калі прызнае правамернасьць апэляцыі Варшавы да артыкула 4 Статуту альянсу.

Яшчэ ў сярэдзіне верасьня Чэхія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з просьбай стварыць міжнародны трыбунал для суду над Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія разгледзіць магчымасьць прызнаньня КДБ і ГУБАЗіКа тэрарыстычнымі арганізацыямі

Таксама прызналі Расею «дзяржавай-спонсарам тэрарызму» Эстонія, Літва і Латвія. У Злучаных Штатах заявілі, што на гэты момант не гатовыя да такога рашучага кроку.

У канцы кастрычніка Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі «тэрарыстычным». Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ў выніку тэрміновых дэбатаў на тэму «Новае абвастрэньне агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны» ў канцы таго ж месяца прыняла рэзалюцыю, у якой абвясьціла рэжым РФ тэрарыстычным.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла пастанову аб прызнаньні Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі часова акупаванай Расеяй тэрыторыяй, таксама ўкраінскі парлямэнт прызнаў Курыльскія астравы тэрыторыяй Японіі. Украінскія дэпутаты таксама зьвяртаюцца да іншых краін з просьбай прызнаць Расею тэрарыстычнай дзяржавай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі парлямэнт прагаласаваў за прызнаньне Чачэніі часова акупаванай Расеяй тэрыторыяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі тэрарыстычным