Памежнікі паказалі, як выглядае ўкраінская сьцяна на мяжы зь беларускага боку. ФОТА

Назіральны пост украінскіх памежнікаў на мяжы зь Беларусьсю

Раней украінскі бок вырашыў узьвесьці сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, каб зьменшыць імавернасьць новага нападу зь яе тэрыторыі расейскіх войскаў.

Загарода, устаноўленая на ўкраінскай тэрыторыі, складаецца з бэтонных плітаў. Плот не суцэльны — у некаторых месцах адсутнічаюць па 2-3 пліты. Акрамя таго, уздоўж жалезабэтоннага плота ўкраінскі бок расставіў назіральныя вышкі, паведаміў Памежны камітэт Беларусі.

«Украінскія вайскоўцы, якія знаходзяцца на назіральных вышках, наўмысна ствараюць напружаную абстаноўку, цэлячыся са зброі ў людзей, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі», — паскардзіліся ў Памежным камітэце.

У канцы кастрычніка кіраўнік Памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо казаў, што ўкраінцы набілі саломы ў расейскую форму і дэманстратыўна павесілі на мяжы як пудзіла. Ён казаў, што групы памежнікаў зь беларускага боку ўмацаваныя, у тым ліку і зброяй. Туды перакінутыя рэзэрвы.

Украіна ўвяла супраць Лапо пэрсанальныя санкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік памежнага камітэту Беларусі: Украінцы набілі саломы ў расейскую форму і дэманстратыўна павесілі на мяжы як пудзіла

Таксама беларускія памежнікі на дзяржаўных тэлеканалах казалі, што ўкраінскія памежнікі вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на мяжы каля Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Нацыянальны сьцяг нават трапіў у трансьляцыю дзяржаўнага тэлеканалу, аднак быў «заблюраны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі вывесілі на пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю бел-чырвона-белыя сьцягі